«Чорныя салаўі», шытыя белымі ніткамі. Як правакацыі КДБ ламаюць жыцці беларускім падлеткам
01.05.2024, 11:22
Марыя Місюк. Здымак з (відэа: Телеканал ОНТ / YouTube)
podpis źródła zdjęcia
Прапаганда заяўляе, што ўкраінскія спецслужбы выкарыстоўваюць маладзёнаў для тэрактаў.
Прапаганда рэжыму ў Беларусі заяўляе, што ўкраінскія спецслужбы выкарыстоўваюць маладзёнаў для арганізацыі тэрактаў у краіне. Праўда, агляд доказаў і веданне ранейшых практык, у тым ліку ў саюзнай Расеі, намякаюць на тое, што менавіта айчынныя сілавікі могуць выкарыстоўваць моладзь у сваіх правакацыях.
Марыя Місюк. Здымак з (відэа: Телеканал ОНТ / YouTube)
У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ увечары 29 красавіка выйшаў прапагандысцкі фільм «Дзеці на прыцэле. Завербаваныя ворагам». У 45-хвілінным відэа жаночы закадравы голас апавядае пра арышт падлеткаў і маладзёнаў за нібыта «тэрарызм» ды супрацу з украінскімі спецслужбамі.
Гэтак, гаворыцца пра падпольную групу «Чорныя салаўі», якою кіравала Чырвоная Жаба – 16-гадовая ўкраінка Марыя Місюк. Як заяўляюць, дзяўчыну ў 2022 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання, перавезлі ў Беларусь бацькі. Сама яна гэтага не хацела і ў 14 гадоў стварыла «тэрарыстычную ячэйку», куды ўцягнула пяцярых студэнтаў каледжаў з Менску, Баранавічаў, Нясвіжу і Лунінца: Трафіма Барысава, Сяргея Жыгалёва, Дзмітрыя Захарошку, Настассю Кліменку, Аляксандру Пуліновіч. Марыя жыла ў Міры і была звязаная ці то з «баявой арганізацыяй анарха-камуністаў», ці то з «нацыянальна-вызвольнай арміяй», але ў любым разе дзеяла нібыта пад кантролем украінскіх спецслужбаў.
Спачатку «Чорныя салаўі» распаўсюджвалі ўлёткі і малявалі графіці, а потым пастанавілі зарганізаваць выбух у РУУС або пракуратуры ў Баранавічах. Падлеткі нібыта самастойна сабралі выбуховае прыстасаванне. Паводле прапагандыстаў, куратарам з украінскага боку нібыта быў нейкі Вячаслаў з пазыўнымі Фрыц і Марычка. Менавіта на ягонае заданне маладзёны рыхтавалі дыверсіі і тэракты. У фільме не тлумачыцца, як арыштавалі падлеткаў і як выйшлі на іх. Марыі Місюк выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 289 КК («Акт тэрарызму»).
Марыя Місюк. Здымак з (відэа: Телеканал ОНТ / YouTube)
Апроч «Чорных салаўёў», у фільме згадваецца 18-гадовы Данііл Гарасім. Яго вінавацяць паводле арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Маладзён, як заяўляюць, доўга пісаў у розныя беларускія незалежніцкія і ўкраінскія структуры, але яму ніхто не адказваў. Аднойчы, пасля чарговага звароту, яму ўсё ж адказалі і даручылі здымаць перагон вайсковай тэхнікі «з гаража ў гараж» у Асіповічах. Затрымалі хлопца ўзімку пасля таго, як ён мусіў забраць «на заданне куратараў» рэчы з тайніка для дыверсіі на чыгунцы.
Таксама ў фільме абвінавацілі Украіну ў стварэнні каналаў у Telegram, у якіх заклікалі забіваць дзяцей за грошы. Пры гэтым згадалі чамусьці 16-гадовага Станіслава Шапеля з Магілёва, які пагаджаўся толькі развозіць грошы. Для гэтага СБУ нібыта патрабавала ад яго праходзіць верыфікацыю, дасылаючы фота з пашпартам і відэа з прызнаннем у гатовасці служыць украінскай выведцы.
Згадваюць у фільме і студэнтаў БНТУ, якія дзяліліся знойдзенымі самастойна ў інтэрнэце дапаможнікамі для вырабу зброі або кнігаю «Mein Kampf» Адольфа Гітлера.
«Яны вербавалі нашых дзяцей», – працягвае закадравы голас, не ўдакладняючы пры гэтым, хто «яны».
У каментары «Белсату» былы супрацоўнік Службы бяспекі Украіны Іван Ступак падкрэсліў, што ўкраінскія спецслужбы не праводзяць у Беларусі аніякай дыверсійнай дзейнасці, скіраванай супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, нават нягледзячы на яго ўцягнутасць у расейскую вайну супраць Украіны.
Паводле Ступака, па-першае, такія дыверсіі ў Беларусі могуць выставіць Украіну ў якасці агрэсара, што ў сваю чаргу можа «справакаваць цалкам знікненне дапамогі нам [Украіне. – Заўвага рэд. belsat.eu] ад заходніх сяброў». Па-другое, гэта можа выклікаць узнікненне другога фронту супраць Украіны, ужо на беларускай мяжы.
На думку былога супрацоўніка СБУ, украінскія спецслужбы могуць мець дачыненне да дыверсіяў супраць расейскіх аб’ектаў у Беларусі, як, напрыклад, самалёта А-50, але не лукашэнкаўскага рэжыму:
,,
«Графіці, падрыў, падпал нейкіх выканкамаў, міліцыі – гэта ўсё, прашу прабачэння, бздура. Нам гэта не цікава. Гэта сітуацыю на фронце наагул не змяняе. А нам трэба яе змяніць».
Суразмоўца не выключае, што такія абвінавачванні могуць выкарыстоўваць спецслужбы ў самой Беларусі «для нутранога карыстання». Магчыма, у супрацы з расейскімі калегамі – для «падагрэву» Лукашэнкі. У прыватнасці Ступак згадаў нядаўнія заявы кіраўніка КДБ Івана Церцеля пра тэрарыстаў, якія нібыта хаваюцца ва ўкраінскіх шпіталях. Сюды ж можна, відаць, аднесці і нядаўні фільм на ОНТ пра нібыта змаганне з украінскімі дыверсантамі на Палессі. З дапамогаю гэтага, мяркуе эксперт, Расея можа спрабаваць пераканаць Лукашэнку ўступіць у вайну супраць Украіны:
«Магчыма, трэба запалохаць, паказаць, што ворагі паўсюль: і там ворагі, і ў Літве ворагі, і Украіна – ворагі. Такое назапашванне, калі кожны дзень дакладваюць, што там нешта ўкраінскія спецслужбы зрабілі, там нешта напісалі, і потым у галаве дыктатара складваецца карцінка: усё – усе ворагі».
У Беларусі раней крымінальных справаў за тэрарызм у дачыненні групы маладзёнаў не заводзілі. Але ў суседняй Расеі такія справы ўжо былі. Напрыклад, 15 сакавіка 2018 года затрымалі дзесяцёх удзельнікаў групы «Новое величие», чальцы якой вучыліся страляць і рабіць кактэйлі Молатава. Таксама іх вінавацілі ў намеры падпаліць офіс «Единой России», зрабіць «нешта» з Астанкінскай тэлевежай і гэтак далей.
«Справа «Нового величия» сталася вынікам правакацыі з боку аператыўніка: фігуранты (не ўсе з іх былі падлеткі) не збіраліся ствараць ніякіх структураў, ідэю пра стварэнне намовіў ім правакатар з боку дзяржавы», – апавяла «Белсату» адвакатка з Расеі Валерыя Веташкіна.
У 2020 годзе ў Канску (Краснаярскі край) за расклейванне ўлётак затрымалі трох 14-гадовых падлеткаў, якіх пасля абвінавацілі ў імкненні падарваць будынак ФСБ у камп’ютарнай гульні «Minecraft».
Веташкіна падкрэслівае: у гэтых выпадках не вялося пра рыхтаванне сапраўдных тэрактаў. Проста сілавікам з аднаго боку былі патрэбныя паляпшэнне статыстыкі і «зорачкі на пагонах», а ўладам – «запужаць астатніх».
Пры гэтым Веташкіна бачыць падабенства справы «Чорных салаўёў» з расейскімі справамі:
,,
«Заўсёды ў расейскіх справах усё пачынаецца з абмеркаванняў, допісаў у інтэрнэце, улётак, графіці і сустрэчаў, а потым рэзкае невытлумачальнае жаданне ўзарваць дзяржаўны будынак».
На думку адвакаткі, выключаць, што беларускія спецслужбы ў гэтым выпадку прынамсі скарысталіся расейскім досведам, нельга.
Схема са свядомаю правакацыяй, дарэчы, не ёсць нечым новым для Беларусі. Гэтак, спецслужбы Беларусі ўжо выкарыстоўвалі ў 2021 годзе ў справе супраць палітыкаў Аляксандра Фядуты, Юрася Зянковіча і Рыгора Кастусёва звесткі пра намер нібыта выкрасці Лукашэнку.
Прадстаўнік арганізацыі «BYPOL», падпалкоўнік міліцыі Станіслаў Лупаносаў назваў у размове з «Белсатам» сюжэт ОНТ абсалютна прапагандысцкаю праграмаю, мэта якой – сфармаваць з падлеткаў «ідэалагічна правільных людзей для рэжыму ў Беларусі». На гэта паказвае ў тым ліку выкарыстанне ў фільме ажно двух псіхолагаў – Наталлі Драздовай і Руслана Аўзалава, якія між іншага ацэньваюць паводзіны затрыманых, часта маніпулюючы фактамі і скажаючы іх. Напрыклад, Драздова заяўляе, што менавіта школьнікі былі галоўнаю рухальнаю сілаю кіеўскага Майдану 2013–2014 гадоў, хоць там «народ быў з усёй Украіны».
Псіхолагі таксама апавядаюць, якія захады нібыта СБУ выкарыстоўвае ў дачыненні падлеткаў, каб прыцягнуць іх на свой бок. Але, адзначыў Лупаносаў, «менавіта КДБ выкарыстоўвае гэтыя прыёмы, але псіхолагі спрабуюць задурыць мозг гледачу так, што вінавацяць Украіну ў гэтым».
«Гэта максімальна прапагандысцкі фільм. Я ўпэўнены, што яго будуць паказваць у абавязковым загадным парадку ў школах і на першых курсах ВНУ. Гэта менавіта прафілактычная праца КДБ», – сказаў прадстаўнік «BYPOL».
Лупаносаў адзначыў, што фільм расказвае пра адразу некалькі ніяк не звязаных паміж сабою групаў падлеткаў і маладзёнаў. Прычым адбываецца і маніпуляванне фактамі. Напрыклад, пра затрыманне «Чорных салаўёў» казалі так, нібы гэта адбылося ўсяго некалькі месяцаў таму, але канал перастаў працаваць яшчэ 23 лістапада 2023 года. Створаны ж ён быў 9 студзеня мінулага года. І толькі пасля выхаду фільму ОНТ у ім з’явілася інфармацыя пра затрыманні ўдзельнікаў.
,,
«Я думаю, гэты канал стварылі супрацоўнікі КДБ і вялі яго з пачатку і да канца», – сказаў Лупаносаў.
Паказаны ў фільме студэнт БНТУ Сцяпан Васілевіч, на думку суразмоўцы, нават не ў зняволенні, бо быў актыўны ў сацсетках напярэдадні выхаду прапагандысцкай стужкі. А выпадак са Станіславам Шапелем – «тыповая гісторыя вербавання дропа», падстаўной асобы, на якую пасля афармляюцца сім-карткі ці банкаўскія рахункі дзеля злачыннай дзейнасці.
«Гэтак робяць ашуканцы, каб узяць на кручок чалавека, а потым дропа гэтага шантажаваць, каб ён далей працягваў і падключаў сім-карты. Гэта гісторыя для разводаў, махлярства. Тыя выпадкі, якія цяпер вельмі моцна захліснулі Беларусь, калі цярпяць бабулі, пенсіянеры альбо іншыя грамадзяне, якія не могуць праверыць звестак і якімі лёгка можна маніпуляваць», – сказаў прадстаўнік «BYPOL».
Што датычыць Данііла Гарасіма, то тут, паводле Лупаносава, на падставе лексікі, якая ўжывалася, «адразу відаць падыход КДБ, які яны выкарыстоўваюць для вербавання, для падбухторвання да здзяйснення злачынства». Пры гэтым, мяркуючы з кадраў фільму, за хлопцам увесь час сачылі спецслужбы.
«Вялі чалавека з першага дня. Гэта паказваюць менавіта здымкі аператыўнай службы вонкавага назірання, як вядуць чалавека, як ён у Асіповічы прыязджае. З самага першага дня. Значыць, яны яго кантралявалі, значыць, ведалі, каго весці», – сказаў Лупаносаў.
Дый сама гісторыя з затрыманнем Гарасіма нагадвае затрыманне ў сакавіку 2024 года 20-гадовага гарадзенца Кірыла Гаўрылава. З ім таксама нібыта звязаліся з Украіны і прапанавалі за грошы здымаць вайсковую тэхніку. І затрымалі яго таксама пры спробе забраць рэчы з схованкі.
Пры гэтым Лупаносаў падкрэсліў, што Украіне нават не трэба кагосьці пасылаць здымаць перасоўванне тэхнікі, бо яна «цудоўна відаць Збройным сілам Украіны са спадарожнікаў»:
«Нашто ім грамадзянаў пасылаць? Гэта аднаму толькі КДБ і Лукашэнку вядома».
Ёсць пытанні і да выкарыстання нібыта ўкраінскімі спецслужбамі мэсэнджару «WhatsApp», які не ёсць бяспечным на 100 %.
Лупаносаў падкрэсліў, што ўсе гэтыя справы «шытыя белымі ніткамі». Іх задача – трымаць людзей у страху, бо іншых інструментаў трымаць людзей ідэалагічна блізкімі да сябе ў рэжыму няма.
Пры гэтым, на думку суразмоўцы, рэжым у Менску адчувае ўсё ж для сябе пагрозу з боку Украіны, бо браў суўдзел у расейскай агрэсіі супраць яе, а Кіеў дасюль «не даў аніякага адказу».
Дый агулам, сказаў прадстаўнік «BYPOL», лукашэнкаўскі рэжым не давярае беларускай моладзі, бо «заўжды старасць баіцца моладзі».