9 траўня на мяжы з Польшчай правядуць парад вайсковай тэхнікі
03.05.2024, 10:18
Вайсковы парад у Берасці 9 траўня 2023 года. (Фота: virtualbrest.ru)
podpis źródła zdjęcia
Парад у Берасці адбудзецца другі год запар, гэтым разам яшчэ маштабнейшы.
9 траўня ў Берасці збіраюцца правесці вайсковы парад, на якім будзе задзеяная як вайсковая тэхніка часоў Другой сусветнай вайны, так і сучасныя ўзоры ўзбраення. Такая падзея ладзіцца на мяжы з Польшчаю ўжо другі год. Гэтым разам абяцаюць яшчэ большы маштаб.
Вайсковы парад у Берасці 9 траўня 2023 года. (Фота: virtualbrest.ru)
Усяго ў парадзе будзе прадэманстравана 79 узораў вайсковай тэхнікі – што сугучнае з 79-й гадавінай Перамогі, адзначаюць арганізатары.
Акрамя таго, у парадзе возьмуць удзел 450 вайскоўцаў з частак Берасцейскага гарнізону і органаў памежнай службы, прадстаўнікі сілавых структураў, выхаванцы так званых вайскова-патрыятычных клубаў, а таксама вучні кадэцкіх класаў Берасця і рэканструктары ў форме франтавікоў.
«У мінулым годзе было такое мерапрыемства, але сёлета яно больш маштабнае. На гэты раз прадстаўленая большая колькасць тэхнікі. У мінулым годзе не было тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым парадзе на трэйлеры праедзе танк сямейства ІС. За апошнія гады ў Берасці мерапрыемстваў, супастаўных паводле маштабу, напэўна, не было», – прыводзіць БелТА словы прадстаўнікоў абласнога вайсковага камісарыяту.
Упершыню дзевяцітравеньскі парад вайсковай тэхнікі ў Берасці прайшоў у 2023 годзе. Летась на ім таксама была прадстаўленая збройная тэхніка Берасцейскага гарнізону, у тым ліку комплексы С-300 з разлікаў 115-й зенітна-ракетнай брыгады.
У іншых абласных гарадах святкаванні 9 траўня сёлета будуць праводзіцца без удзелу вайсковай тэхнікі.
У сталіцы парад анансуецца на 3 ліпеня, у ім будуць задзеяныя вайсковыя адзінкі Менскага гарнізону.