навіны

Першая крыміналка за рэпост і псіхушка за «знявагу» Лукашэнкі. Хроніка рэпрэсіяў

 (Фота: прэс-служба Вярхоўнага суда)
(Фота: прэс-служба Вярхоўнага суда)
podpis źródła zdjęcia

Агляд рэпрэсіяў у Беларусі за 6 траўня.

Рэжым у Беларусі працягвае палітычны пераслед беларусаў. Так, адбылося папаўненне спісаў асобаў і матэрыялаў, прызнаных «экстрэмісцкімі», распачаліся новыя крымінальныя справы і суды – завочныя і не, беларусаў да гэтай пары судзяць за пратэсты 2020 года па фота ў сацсетках, а таксама за каментары аб тэракце ў Падмаскоўі.
 (Фота: прэс-служба Вярхоўнага суда)
(Фота: прэс-служба Вярхоўнага суда)
ГУБАЗіК пагражае крымінальнай адказнасцю за рэпосты
ГУБАЗіК заявіў аб завядзенні крымінальнай справы за рэпост навіны, апублікаванай «экстрэмісцкім фармаваннем», і заявіў, што такая практыка «будзе пастаўлена на паток».
Крымінальная справа была пачатая паводле ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Як паведамляе блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, для гэтага хапіла «адзінай перасылкі ў публічныя чаты навіны, раней апублікаванай экстрэмісцкім фармаваннем».
Да гэтага рэпосты з рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і «экстрэмісцкімі фармаваннямі», разглядаліся як адміністратыўнае правапарушэнне.
На прыкладзеным скане з фрагментам пастановы аб завядзенні крымінальнай справы прозвішча яе фігуранта фармальна замазанае, але адмыслова так, каб яго можна было без праблемаў расчытаць.
Гаворка ідзе пра гарадзенца Дзяніса Чашчавіка, які цяпер за мяжой і супраць якога яшчэ 2 красавіка было пачатае спецыяльнае вядзенне, то бок 38-гадовага мужчыну збіраюцца судзіць завочна.
TikTok-акаўнт «reformby» прызнаны экстрэмісцкім
Міністэрства інфармацыі прызнала экстрэмісцкімі матэрыяламі акаўнт у TikTok «reformby». Гэта старонка аўтарскага праекту «Саша, што ты нясеш?!», які вядуць сузаснавальнікі reform.news Фёдар Паўлючэнка і Аляксандр Атрошчанкаў. Рашэнне было прынятае судом Ленінскага раёну Берасця 30 красавіка. YouTube-канал праекту быў прызнаны экстрэмісцкім у лютым гэтага года.
У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў таксама трапілі:
Гомельскага шоўмена прыгаварылі да двух гадоў калоніі паводле «пратэснага» артыкулу
Ягора Зенчанку, гомельскага шоўмена і вядоўцу мерапрыемстваў, прыгаварылі да двух гадоў у калоніі агульнага рэжыму. Суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў яго вінаватым паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Прыгавор быў вынесены 30 красавіка.
Зенчанка займаўся арганізацыяй і правядзеннем падзеяў, у тым ліку «Найлепшы выпускны» і закрыццё мотасезону на Палессі, праводзіў дні гораду ў Гомлі, арганізоўваў канцэрты.
Яшчэ шэсць беларусаў завочна асудзілі за ўдзел у мірных сходах
Праваабаронцам сталася вядома пра чарговы прысуд у межах спецвядзення. 16 красавіка 2024 году ў судзе Партызанскага раёну Менску завочна асудзілі адразу шасцярых чалавек. Прысуд агучыў суддзя Міхаіл Макарэвіч.
Анатоля Астроўскага, Віктара Пузана, Аляксандра Церлюка, Ірыну Сталоку, Генадзя Гутара прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Віталя Пахомчыка асудзілі паводле арт. 342 і арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу і, акрамя двух гадоў пазбаўлення волі, прызначылі яму штраф памерам 300 базавых велічынь (12 тысяч рублёў).
Усіх іх прызналі вінаватымі ў тым, што разам яны ўдзельнічалі ў адным з мірных сходаў у Менску: былі на вуліцах з нацыянальным сцягам, выходзілі на праезную частку. Пахомчык, акрамя гэтага, пакінуў у адным з тэлеграм-чатаў тры публікацыі, у якіх нібыта «публічна зняважыў прадстаўнікоў улады». Паколькі ўсе абвінавачаныя застаюцца за мяжой, іх абвясцілі ў вышук.
Вядома, што іхны ўдзел у мірным сходзе даказалі з дапамогай фотаздымку, які знайшлі ў «Інстаграме» Анатоля Астроўскага, дзе некаторыя з абвінавачаных трымаюць нацыянальны сцяг, некаторыя – паказваюць рукамі сімвалы вікторыі і сціснуты кулак.
СК пачаў спецвядзенне яшчэ ў дачыненні трох чалавек, сярод іх – кандыдат у Каардынацыйную раду
Следчы камітэт 3 траўня пачаў спецыяльнае вядзенне ў дачыненні актывіста пазбаўленай рэгістрацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», 45-гадовага Андрэя Зуева. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. 293 («Масавыя беспарадкі»), ч. 1 арт. 361-1 («Заклікі да санкцыяў»), арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»).
Зуеў – кандыдат у склад Каардынацыйнай рады ў рамках спісу «Салідарнасць». Раней ён неаднаразова адбываў палітычна матываваныя адміністратыўныя арышты ды эміграваў з Беларусі.
Таксама Следчы камітэт распачаў спецвядзенне ў дачыненні беларусак Аліны Галінскай і Кацярыны Туманавай – іх збіраюцца судзіць завочна.
24-гадовай Аліне Галінскай інкрымінуюць ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»). Аліну Галінскую затрымлівалі ў красавіку 2023 года падчас масавага хапуну на Гомельшчыне. На «пакаянным відэа» яна гаварыла, што некалі была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы і пакідала там каментары.
41-гадовай гарадзенскай актывістцы Кацярыне Туманавай інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і арт. 364 КК («Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).
Сілавікі затрымалі хлопца за каментар пра тэракт у Маскве
Праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне хлопца за каментар пра тэракт у Маскве.
Гэта як мінімум 15-ы беларус, якога затрымалі за каментары пра тэракт у Расеі. Сярод іншага, затрымалі нават дзяўчыну, якая спытала ў каментарах, чаму пасля тэракту пад Масквой у Беларусі адмянілі імпрэзы, а калі Расея бамбіць украінцаў – не.
Жыхара Рэчыцы за «знявагу» Лукашэнкі накіравалі на лячэнне ў псіхіятрычны шпіталь
8 красавіка суд Рэчыцкага раёну абвінаваціў Дзмітрыя Першына паводле ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на Лукашэнку») і ч. 1 арт. 368 КК («Знявага Лукашэнкі»). Справу разглядаў суддзя Станіслаў Іванюценка.
У выніку суддзя прызначыў Дзмітрыю прымусовыя меры бяспекі і лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
3 траўня Міністэрства ўнутраных справаў дадало Дзмітрыя ў спіс «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
Няпоўнагадовую гарадзенку асудзілі за падпіску на Nexta ў «Тэлеграме»
19 красавіка суд Кастрычніцкага раёну Горадні разгледзеў адміністратыўную справу супраць няпоўнагадовай беларускі. Яе абвінавацілі ў тым, што ў «Тэлеграме» яна захоўвала прадукцыю Nexta і TUT.BY, прызнаную «экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша Hrodna.life са спасылкай на пастанову суда.
Праз тое, што дзяўчына непаўналетняя, паводле закону яе не маглі аштрафаваць, арыштаваць ці адправіць на грамадскія працы. У выніку да яе ўжылі «меры выхаваўчага ўздзеяння ў выглядзе тлумачэння заканадаўства» і вярнулі тэлефон.
Чарговы прысуд за ўдзел у маршы ў жніўні 2020 года
11 красавіка ў судзе Савецкага раёну Менску вынеслі вырак Аляксею Савіцкаму. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ, то бок на так званую хатнюю хімію.
Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ў жніўні 2020 года ён выходзіў на праезную частку, блакаваў дарогу транспарту, чым нанёс «Менсктрансу» шкоду памерам 5980 рублёў і 11 капеек.
Савіцкі прызнаў віну, расказаў, што ўзяў удзел у мірным сходзе. Да суда мужчына быў пад закладам у памеры 12 тысяч рублёў – грошы яму вярнулі.
Вырак вынес суддзя Аляксандр Якунчыхін. Ён вынес ужо сама меней 21 прысуд паводле «народнага» артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу. Часцей за ўсё ён прысуджае «хімію» ці «хатнюю хімію». Аднак менавіта ён асудзіў музыкаў Надзею і Уладзіміра Калачоў на два гады калоніі.
У гарадзенскім судзе разглядаюць справу аб знявазе прадстаўніка ўлады
Паўла Лукашэвіча абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК), знявазе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і знявазе суддзі (арт. 391 КК). Справу разглядае суддзя Юрый Казакевіч.
У спіс «экстрэмістаў» МУС дадаў яшчэ 23 асобы, у тым ліку журналіста Аляксандра Зянкова
У пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», 3 траўня дадалі яшчэ 23 чалавек, цяпер у ім ужо 4034 пазіцыі. Згодна з абноўленым дакументам на сайце МУС, дзевяцёра ўключаных у спіс застаюцца ў зняволенні, насупраць 13 прозвішчаў стаіць адзнака «судзімасць не пагашаная», яшчэ ў адным выпадку – «прымусовыя меры бяспекі і лячэння».
З пазбаўленых волі палітвязнямі прызнаныя журналіст Аляксандр Зянкоў, асуджаны паводле арт. 3611 Крымінальнага кодэксу («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім») на тры гады пазбаўлення волі, а Галіна Краснянская – на пяць гадоў зняволення паводле арт. 361-3 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вербаванне або рыхтаванне асобаў да такога ўдзелу»), Валерый Самсоненка – на адзін год паводле арт. 370 («Глумленне з дзяржаўных сімвалаў»).
Ася Саковіч belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10