Ніякага мабільнага інтэрнэту: на прадпрыемстве «Горадня Азот» забараняюць смартфоны
06.05.2024, 22:46
«Гродна Азот» (Фота: Azot.by)
podpis źródła zdjęcia
Усім супрацоўнікам выдадуць кнопкавыя тэлефоны і карпаратыўныя сім-карты.
На «Горадня Азоце» і прадпрыемствах, у якіх ён выступае заснавальнікам, супрацоўнікам неўзабаве забароняць карыстацца смартфонамі і выходзіць у інтэрнэт. Дакумент, падпісаны гендырэктарам Ігарам Ляшэнкам, трапіў у распараджэнне «Зеркала».
«Гродна Азот» (Фота: Azot.by)
У дакуменце – загад выдаць усім супрацоўнікам, мяркуючы па ўсім, кнопкавыя тэлефоны і карпаратыўныя сім-карты – на тэрыторыю прадпрыемства можна будзе праходзіць толькі з імі.
У дакуменце пазначана, што работнікаў «Горадня Азота» з 1 ліпеня 2024 года не будуць прапускаць на тэрыторыю са смартфонамі, у якіх ёсць выхад у інтэрнэт. У працоўны час супрацоўнікам будзе дазволена карыстацца тэлефонамі, па якіх можна тэлефанаваць, перадаваць SMS і MMS – верагодна, гаворка пра кнопкавыя тэлефоны. Выключэнне зрабілі толькі для асобнай групы супрацоўнікаў.
Загад падпісаны гендырэктарам «Горадня Азота» Ігарам Ляшэнкам і выпушчаны 26 красавіка. Тэкст яго склалі па пратаколе «пашыранай вытворчай нарады», якую праводзілі 17 красавіка – менавіта ў той дзень «Кіберпартызаны» паведамлялі пра маштабную атаку на прадпрыемства.
Як адзначана ў дакуменце, меры прымаюцца для абмежавання магчымасці супрацоўнікамі «фотавідэафіксацыі і выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў». А таксама «у мэтах забеспячэння бесперабойнай працы структурных падраздзяленняў, аператыўнага прыняцця работнікамі прадпрыемства рашэнняў па напрамках вытворча-фінансавай дзейнасці».
Па новых нормах усім структурным падраздзяленням павінны са склада выдаць мабільныя тэлефоны «стандарта 2G». Папярэдне кіраўнікам гэтых падраздзяленняў трэба было скласці спісы супрацоўнікаў, ад кожнага работніка – абавязкова аформіць заяву і абавязацельствы па выкарыстанні. Арыгіналы спісаў і заявы да 3 мая чакалі ў бухгалтэрыі, копіі – дадаткова ў службе бяспекі і цэху сувязі.
Адзначаецца, што калі ў супрацоўнікаў з’яўляецца «вытворчая неабходнасць падключыцца да інтэрнэта са смартфонаў», спіс іх прозвішчаў у дакладной запісцы павінны накіраваць начальніку службы бяспекі. Прычым папярэдне гэта трэба ўзгадніць з намеснікам гендырэктара падраздзялення, да якога гэтыя работнікі адносяцца.
Да тэлефонаў прыкладаюцца карпаратыўныя сім-карты – іх падключылі да аператара МТС, на тарыф «Разумны бізнэс 1.0». Пры гэтым «Горадня Азот» атрымала вялікую зніжку – 70 % ад дзейнага тарыфу. Характэрна, што ён прадугледжвае і 250 МБ інтэрнэт-трафіку, але для азотаўцаў ён будзе заблакаваны.
Дарэчы, 17 красавіка гендырэктарам МТС стаў экс-начальнік КДБ па Менску і вобласці Уладзімір Козыр.
Пры гэтым абсалютна ўсім супрацоўнікам дазваляюць уставіць у тэлефон іншую, сваю сім-карту – калі ёсць такая магчымасць.
Усе патрабаванні тычацца як самога «Горадня Азота», так і філіялу «Завод Хімвалакно», унітарных прадпрыемстваў «АзотСпецТранс», «Азотсэрвіс», «Азотхімфартыс», «Азот Рэм Буд». Іх дырэктарам таксама загадваецца купіць і раздаць работнікам тэлефоны і сімкі. Дэдлайн – 30 чэрвеня.
Асобным пунктам у загадзе прапісаны спіс супрацоўнікаў, якім такія тэлефоны таксама выдадуць, але дазволяць карыстацца сваімі асабістымі смартфонамі. Іх не так шмат – гэта намеснікі гендырэктара «Горадня Азота» і «Завода Хімвалакно», кіраўнікі структурных падраздзяленняў (службаў, атрадаў і аддзелаў) і іх намеснікі. Сам гендырэктар у гэтым спісе не значыцца, але, верагодна, на яго забарона таксама не будзе распаўсюджвацца.
Нагадаем, 17 красавіка «Кіберпартызан» абʼявілі пра маштабную атаку на «Горадня Азот». Абʼяднанне заявіла, што былі ўзламаныя сістэмы аховы і камеры відэаназірання, парушаная праца кацельнага цэху. Таксама знішчаныя бэкапы баз даных.
«Стаўкі павышаюцца. Каб аднавіць даныя, прыйдзецца дыктатару вызваліць усіх палітвязняў «Горадня Азота» + 75 палітвязняў з найгоршым станам здароўя (на наша меркаванне)», – заявілі «Кіберпартызаны».
На самім хімічным прадпрыемстве сітуацыю не каментавалі.
3 траўня хакеры заявілі пра паўторную атаку на «Горадня Азот». Яны сцвярджаюць, што падчас першай у сетку прадпрыемства былі закладзеныя вірусы, якія спрацоўваюць па раскладзе.
«Адпрацавала першая серыя такіх «закладак», якая павінна была выдаліць даныя многіх сотняў ПК супрацоўнікаў, дакументаабарот, дамен-кантралёры і іншыя серверы. Паводле нашай інфармацыі, на прадпрыемстве паніка. Дыспетчар аддаў загад тэрмінова выключыць кампʼютары па ўсім прадпрыемстве», – гаварылася ў паведамленні «Кіберпартызан».
Абʼяднанне нагадала, што выдаліць усе «закладкі», калі прадпрыемства і ўлады выканаюць заяўленыя патрабаванні.
Еўразвяз увёў санкцыі супраць «Горадня Азоту» ў снежні 2021 года за палітычныя рэпрэсіі – звальненні працаўнікоў за ўдзел у пратэстах – і за фінансаванне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.