Жанчыну, якая напала на беларуску ў Варшаве, затрымалі
09.05.2024, 11:23
Затрыманая жыхарка Варшавы, якая напала на беларуску. (Фота: rdc.pl)
podpis źródła zdjęcia
Яе абвінавачваюць у абразе і парушэнні фізічнай недатыкальнасці на падставе нацыянальнай прыкметы.
Жанчыну, якая напала на 22-гадовую беларуску ў Варшаве за тое, што тая размаўляла па-расейску, затрымалі. Яе абвінавачваюць у хуліганстве.
Затрыманая жыхарка Варшавы, якая напала на беларуску. (Фота: rdc.pl)
30 красавіка ў адной з мясцінаў Варшавы 22-гадовая беларуска стала ахвяраю мужчыны і жанчыны за тое, што размаўляла са сваёй сяброўкай па-расейску. У пэўны момант да іх падышлі мужчына з жанчынаю і з лаянкаю запатрабавалі, каб тыя вярнуліся ва Украіну. Жанчына пры гэтым плюнула ў твар беларусцы, а калі тая адказала выспяткам, схапіла яе за валасы. Мужчына нанёс дзяўчыне некалькі ўдараў.
Затрыманая жыхарка Варшавы, якая напала на беларуску. (Фота: rdc.pl)
На наступны дзень пацярпелая звярнулася ў мясцовы пастарунак. Справа была перададзеная працаўнікам барацьбы са злачынствамі супраць жыцця і здароўя. Сабраўшы запісы з камераў назірання і відэа, выкладзеныя сведкамі ў інтэрнэт, паліцыя пачала працэс высвятлення акалічнасцяў здарэння і вызначэння асобы правапарушальнікаў.
У выніку асоба жанчыны, якая напала на беларуску, была вызначаная, ёй аказалася 34-гадовая варшавянка. На падставе факту інцыдэнту заведзеная крымінальная справа за знявагу асобы і парушэнне фізічнай недатыкальнасці паводле нацыянальнай прыкметы. Гэтае парушэнне караецца пазбаўленнем волі на тры гады (артыкул 257 Крымінальнага кодэксу Польшчы). Ці была вызначаная асоба другога нападніка, не паведамляецца.