У Данецку абстраляны рэстаран, дзе адзначалася 10-годдзе «ДНР». Ёсць загінулыя
11.05.2024, 19:27
Наступствы ўдару па Данецку, 11 траўня 2024 года. (Фота: dontel / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Расейскія СМІ сцвярджаюць, што ўдар нанесла Украіна.
У суботу 11 траўня ў акупаваным расейцамі Данецку быў абстраляны рэстаран «Paradise» у Кіраўскім раёне гораду. Паведамляецца, што абстрэл быў здзейснены з РСЗО HIMARS у той момант, калі ва ўстанове сабраліся прыхільнікі «ДНР», каб «адсвяткаваць» 10-годдзе стварэння непрызнанай рэспублікі.
Наступствы ўдару па Данецку, 11 траўня 2024 года. (Фота: dontel / Telegram)
,,
«У акупаваным Данецку прылёт па месцы збору баевікоў «ДНР», якія сабраліся, каб адзначыць 10 гадоў абвяшчэння ДНР», – зазначыў украінскі журналіст родам з Данецку Дзяніс Казанскі.
Пасля святкавання ў рэстаране, удзельнікі збіраліся зладзіць аўтапрабег па горадзе. У выніку ўдару пацярпеў таксама недабудаваны будынак побач.
,,
«Непасрэдна перад пачаткам акцыі прагучаў выбух, калі машыны са сцягамі ўжо былі гатовыя стартаваць», – распавёў расейскі прапагандыст Сямён Пегаў.
Паводле інфармацыі мясцовага тэлеграм-каналу, у выніку абстрэлу пяць чалавек загінулі, шасцёра – параненыя. Кіраўнік самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін паведаміў пра гібель трох чалавек. Расейскія СМІ сцвярджаюць, што ўдар па Данецку нанесла Украіна.
Роўна 10 гадоў таму, 11 траўня 2014 года, на тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны адбыліся так званыя «рэферэндумы аб самавызначэнні» і былі ўтвораныя «ДНР» і «ЛНР». Украіна, Еўразвяз і ЗША назвалі «рэферэндумы» нелегітымнымі і сфальсіфікаванымі і не прызналі вынікі, як і самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР». Іх незалежнасць прызналі Расея, Сірыя, КНДР і часткова прызнаныя Абхазія і Паўднёвая Асеція.