На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы – масавыя затрыманні
11.05.2024, 17:35
Шклозавод «Нёман» у Бярозаўцы. (Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»)
podpis źródła zdjęcia
Гэта ўжо пяты за апошнія 9 месяцаў рэйд сілавікоў на прадпрыемства.
На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы адбыўся пяты за апошнія 9 месяцаў рэйд сілавікоў, паведамляе тэлеграм-канал @Grodno_grab.
Шклозавод «Нёман» у Бярозаўцы. (Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»)
Гэтым разам затрымалі некалькі чалавек, дакладная лічба пакуль невядомая, гэтак жа, як і прычына затрымання. Раней затрымлівалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы.
У жніўні 2023 года на шклозаводзе затрымалі не меней за 9 чалавек, у снежні – 18, у студзені 2024 года – 5.
Таксама ў студзені ў СШ № 1 Бярозаўкі былі затрыманыя намесніца дырэктара ў выхаваўчай працы Ала Чуйко і сакратарка Святлана Козел. Паведамлялася, што вучні былі ў шоку, калі затрымліваць жанчын у школу прыйшлі «пяць здаровых мужчынаў». Прычына – лайкі і падпіскі на незалежныя Telegram-каналы, абвешчаныя ўладамі «экстрэмісцкімі».
Навіны пра масавыя затрыманні час ад часу даходзяць з розных кропак Беларусі. Так, у сакавіку сілавікі ўчынілі хапун у Берасці і Маларыце – былі затрыманыя як найменш 40 чалавек.