Вонкавы гандаль сышоў у мінус. У першым квартале імпарт перавысіў экспарт на $96 млн
12.05.2024, 16:52
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: CHUTTERSNAP / Unsplash)
podpis źródła zdjęcia
Дэфіцыт вонкавага гандлю пагражае праяданнем валюты з запасаў.
Нацбанк падлічыў, што ў першым квартале Беларусь нагандлявала ў мінус. Экспарт зусім крыху, але знізіўся (на 0,1%), а імпарт павялічыўся на 2,3%. У выніку дэфіцыт вонкавага гандлю склаў $96 млн.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: CHUTTERSNAP / Unsplash)
У студзені-сакавіку Беларусь экспартавала тавараў і паслугаў на $11,6 млрд, а імпартавала – на $11,7 млрд. У выніку дэфіцыт вонкавага гандлю склаў $96 млн. У першым квартале летась было істотна лепей: плюс $186 млн.
Паводле Нацбанку, экспарт тавараў вырас на 0,6%, а імпарт – на 2,9%. Адмоўнае сальда павялічылася з леташняга $561 млн да цяперашніх $798 млн.
Экспарт паслугаў скараціўся на 3,1%, імпарт таксама зменшыўся, але не так моцна: на 1,5%. У паслугах сальда дадатнае, аднак упала з $741 млн да $702 млн год да года. Некалі гэты артыкул прыбыткаў квітнеў дзякуючы IT-галіне, аднак цяпер яна ў заняпадзе.
Раней пра вонкавы гандаль таварамі ў студзені-сакавіку сёлета адсправаздачыўся Белстат, і гэтыя дадзеныя адрозніваюцца ад лічбаў Нацбанку. Паводле статыстычнага ведамства, экспарт вырас на 1,1% год да года, імпарт – на 2,8%, а адмоўнае сальда – з $748 млн да $934 млн.
Пастаўкі ў краіны СНД (тут лічбы амаль цалкам адлюстроўваюць гандаль з Расеяй) зменшыліся на 0,8%, а імпарт з постсавецкіх дзяржаваў вырас адразу на 9,3%.
Пры гэтым у гандлі з астатнім светам усё наадварот: экспарт павялічыўся на 5,1%, а імпарт паменшыўся на 4,9%.
Як тлумачыў раней «Белсату» эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук, рынкавыя эканомікі могуць дазволіць сабе дэфіцыт у 2–3% ВУП і кампенсуюць нястачу інвестыцыямі і крэдытамі. У Беларусі ж цяпер такой магчымасці бракуе.
«Цяпер гэта праблема, бо патэнцыйных крыніцаў фінансавання дэфіцыту амаль няма. Дзе знайсці інвестараў, якія захочуць укладацца ў беларускую эканоміку, дзе знайсці крэдыты? Адзіны магчымы варыянт – Расея. Сітуацыя ўнікальныя тым, што нават невялікі дэфіцыт, які б не быў праблемаю ў 2018–2019 гадах, цяпер можа стаць крытычным», – адзначаў эксперт.
Паводле яго, паўгода або крыху болей дэфіцыт можна кампенсаваць золатавалютнымі рэзервамі: фактычна праядаць запасы. «Абсалютна нармальны інструмент, каб перадухіліць дэфіцыт вонкавага гандлю, – абясцэньванне нацыянальнай валюты», – падкрэсліў Крук. Гэтае пытанне стане на парадку дня, калі вонкавы гандаль упарта не захоча ісці ў плюс.