навіны

Украіна нанесла серыю ўдараў па аб’ектах у Расеі і на акупаваных тэрыторыях

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Атакаваныя нафтабаза, вайсковая частка, склад боепрыпасаў і электрападстанцыя.

Украінскія вайскоўцы 13 траўня атакавалі беспілотнікамі аб’екты ў Белгародскай і Ліпецкай вобласцях, а таксама нанеслі ракетны ўдар па вайсковай базе ў акупаваным Крыме і падарвалі склад боепрыпасаў у Луганскай вобласці. Пра гэта паведамляюць расейскія і ўкраінскія медыі.
Радыё «Свобода» паведамляе, што беспілотнікі СБУ ноччу 13 траўня паразілі два аб’екты ў Ліпецкай і Белгародскай вобласцях РФ: нафтабазу паблізу гораду Стары Аскол і падстанцыю «Ялецкая».
Расейцы ў мясцовых пабліках усю ноч скардзіліся на серыю гучных выбухаў у зоне нафтабазы ў Белгародскай вобласці, а губернатар Ліпецкай вобласці пацвердзіў пажар на электрападстанцыі «Ялецкая», якая забяспечвае цягавыя падстанцыі Расейскай чыгункі, нафтаперапамповачнай станцыі і забяспечвае транзіт паміж Ліпецкай, Арлоўскай і Бранскай энергасістэмамі.
Расейскае выданне «ASTRA» паведамляе, што раніцай 13 траўня некалькі ўкраінскіх ракетаў (меркавана, «Storm Shadow») атакавалі сакрэтную расейскую вайсковую базу СПА 3-га радыётэхнічнага палка на гары Ай-Петры ў Крыме. Загінуў камандзір в/ч 85683 Аляксандр Кулакоў і яшчэ адзін вайсковец. Таксама ёсць параненыя, іхная колькасць удакладняецца.
На Луганшчыне 13 траўня ЗСУ знішчылі склад боепрыпасаў у акупаваным горадзе Сарокіне.
«Захопнікі думалі, што і гэты склад дастаткова надзейны, бо размяшчаўся амаль на мяжы з РФ, адкуль да лініі баявога сутыкнення каля 130 км. Але падарвалася і там. Цяпер расейскія вайскоўцы ў гэтым раёне маюць абмежаваны запас БК, што неўзабаве мусіць адбіцца на іхных наступальных дзеяннях», – сцвярджаюць у Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі.
Акрамя таго, улады Курскай вобласці РФ заявілі, што 13 траўня ў выніку атакі ўкраінскіх беспілотнікаў былі знішчаны прыватныя аўтамабілі на трасе ў Глушкоўскім раёне: адная асоба загінула, трое атрымалі раненні. Раней агенцтва ТАСС сцвярджала, што ноччу над рэгіёнам былі збітыя 8 беспілотнікаў. Украінскія медыі пра атаку ў Курскай вобласці нічога не паведамляюць.
Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10