Са студзеня няма сувязі з 67-гадовай палітзняволенай Аленай Гнаўк
14.05.2024, 19:57
(Фота: “Беларус беларусу” / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Жанчыне мусілі зрабіць аперацыю на кішэчніку.
Са студзеня 2024 года няма сувязі з 67-гадовай палітзняволенай актывісткай з Пружанаў Аленай Гнаўк. Пра гэта журналістка Яўгенія Доўгая распавяла сайту BGmedia.
(Фота: “Беларус беларусу” / Белсат)
Паведамляецца, што Алене Гнаўк мусілі зрабіць аперацыю на кішэчніку, бо там з’явіліся новаўтварэнні. Такія аперацыі робяць у Гомельскай жаночай калоніі №4, куды і мусілі адвезці палітзняволеную. Але дагэтуль невядома, ці зрабілі ёй гэтую аперацыю.
Алену Гнаўк з 2020 года затрымлівалі і арыштоўвалі 17 разоў і аштрафавалі на 173 базавыя велічыні. Яе судзілі па «карагоднай справе» у Берасце, а таксама за абразу Лукашэнкі і за «дыскрэдытацыю Беларусі». Паводле апошніх абвінавачванняў пенсіянерцы прысудзілі 3,5 года калоніі агульнага рэжыму.
З моманту прыезду ў гомельскую калонію №4 у жніўні 2023 года Алена Гнаўк пачала змагацца за свае правы, што не спадабалася адміністрацыі. У дачыненні жанчыны сталі ўжываць розныя пакаранні. Палітзняволеная пазбаўленая амаль усіх перадач, званкоў і спатканняў, яе часта змяшчаюць у памяшканне камернага тыпу.
Адміністрацыя калоніі ініцыявала новую крымінальную справу – нібыта, за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Па гэтай справе жанчыне дадалі яшчэ год калоніі. Судзілі палітзняволеную без ейнага ўдзелу: яе выдалілі яшчэ на першым пасяджэнні.