У Бішкеку сабраўся стыхійны мітынг супраць замежнікаў. Давялося выклікаць унутраныя войскі
18.05.2024, 12:40
Пратэсты супраць замежнікаў у Кыргызстане. (Фота: 24.kg)
podpis źródła zdjęcia
У сацсетках паведамляюць таксама аб нападзе ў Бішкеку на інтэрнат з замежнымі студэнтамі.
Стыхійны пратэст супраць замежнікаў прайшоў у сталіцы Кыргызстану ўвечары з 17 на 18 траўня. Пра гэта паведамляе 24.kg. Ёсць пацярпелыя, магчыма, нават замежныя студэнты.
Пратэсты супраць замежнікаў у Кыргызстане. (Фота: 24.kg)
Нагодай для пратэсту сталася тое, што 13 траўня ў Бішкеку, у двары аднаго з гостэлаў, адбылася масавая бойка з удзелам замежнікаў, якія збілі некалькіх мясцовых жыхароў. У выніку ўвечары 17 траўня, а 21:00 паводле мясцовага часу, у горадзе сабраліся больш як 100 мужчынаў, якія хацелі адпомсціць іншаземцам.
Бліжэй да 23:00 міліцыянеры паспрабавалі рассеяць прысутных. Пачаліся першыя затрыманні пасля таго, як натоўп паспрабаваў перакрыць дарогу. Спачатку на месцы знаходзілася каля 70 міліцыянтаў, пазней на месца прыбылі атрад САХР і яшчэ 15 экіпажаў патрульнай міліцыі.
Па факце збіцця замежнікамі мясцовых жыхароў у Бішкеку пачалі крымінальную справу паводле артыкулу 280 частка 2 пункт 1 («Хуліганства») КК КР. Бліжэй да паўночы затрымалі трох грамадзянаў Егіпта, іх змясцілі ў мясцовы ІЧУ. З імі запісалі «пакаянныя» відэа.
Тым часам міліцыя пачала адціскаць пратэстоўцаў. З некаторых вуліц іх атрымалася разагнаць, вызваліўшы вуліцы для праезду транспарту. Аднак пасля гадзіны ночы натоўп зноў пачаў збірацца. Колькасць пратэстоўцаў рэзка павялічылася, прыкладна да 1 тысячы асобаў.
На месца прыбылі падраздзяленні ўнутраных войскаў і тры вадамёты. Натоўп спрабаваў некалькі разоў прарваць міліцэйскае ачапленне. Прысутныя хацелі, каб да іх прыбыў прадстаўнік ураду. Яны таксама патрабавалі ўзмацніць кантроль над замежнікамі. У выніку доўгіх перамоваў кіраўніка ГУУС, актывістаў і спартоўцаў з натоўпам мітынгоўцаў апошнія каля 05:15 пачалі разыходзіцца.
У сацсетках паведамляюць таксама аб нападзе ў Бішкеку на інтэрнат з замежнымі студэнтамі. Але афіцыйных пацверджанняў гэтага няма.
Кабінет міністраў Кыргызстану выступіў з заявай пасля пратэстаў, асудзіўшы «спробы правакацыі гвалту і беспарадкаў на міжэтнічнай глебе праз распаўсюд інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці, у сацыяльных сетках». Урад таксама зняпраўдзіў паведамленні пра забойствы і гвалт у дачыненні да замежных студэнтаў.
Адзначаецца, што праваахоўныя органы праводзяць «дбайнае расследаванне ўсіх абставінаў правапарушэнняў, якія мелі месца». Усіх вінаватых усталююць і прыцягнуць да адказнасці, заявілі ў кабміне.
Улады таксама паабяцалі «рашуча спыняць любыя спробы парушыць грамадскі парадак».
Паводле Міністэрства аховы здароўя Кыргызстану, у ноч з 17 на 18 траўня ў Бішкеку па медычную дапамогу да брыгад хуткай дапамогі звярнуліся 29 асобаў.