Уласнік «Вострава чысціні» вырашыў закрыць пяць сваіх кампаніяў
18.05.2024, 10:08
Крама «Востраў чысціні і смаку» у Віцебску. (Фота: triomall.by)
podpis źródła zdjęcia
Уласніка Віктара Рамука разам з жонкай арыштоўвалі ўвосень 2022-га.
У Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў з’явіліся звесткі пра ліквідацыю ажно пяці кампаніяў, звязаных з уласнікам сеці крамаў «Востраў чысціні».
Крама «Востраў чысціні і смаку» у Віцебску. (Фота: triomall.by)
Згодна з рэгістрам, у працэсе ліквідацыі знаходзяцца ПГУП «ЗахадХімГандаль», ТАА «ЗахахХімСэрвіс», ТАА «ЗахадХімІнвест», ТАА «Гандлёвая кампанія Ромакс» і ТАА «Вытворчая кампанія Ромакс». Адпаведнае рашэнне 14 траўня прыняў уласнік. Самая старая з іх дзейнічала з 2006 года, сама маладая – з 2016-га.
Кампанія «ЗахадХімГандаль» кіруе гандлёвымі аб’ектамі «Востраў чысціні і густу», а таксама крамамі алкагольных напояў «Тры ласі» і крамамі тавараў для жывёлаў «ЗОО-востраў». Сёлета закрыліся каля 150 крамаў. Таксама ТАА «Вытворчая кампанія «Ромакс» у першым квартале атрымала страты ў памеры 266 тыс. рублёў. Летась яна дапусціла дэфолты паводле аблігацыяў і перанесла выплаты інвестарам на 2024 год.
У Беларусі «Ромакс» працуе з 1998 года, але сетка ўласных крамаў «Востраў чысціні» пачала развівацца ў 2010-м. Уласніка Віктара Рамука разам з жонкай арыштоўвалі ўвосень 2022-га. Некаторы час ён правёў у СІЗА і выйшаў, пагадзіўшыся выплаціць налічаныя штрафы. Ходзяць чуткі, што багаты выкуп за гаспадара моцна адбіўся на фінансавым стане кампаніі.
З 30 кастрычніка 2023 года прыпыняла працу інтэрнэт-крама «Вострава чысціні». А з 1 снежня крама нават выдаліла ўсе асабістыя кабінеты і звесткі кліентаў «да аднаўлення карэктнай працы сайту». Апроч таго, у сеткі закрыліся некалькі фізічных крамаў у рэгіёнах. Праўда, з 27 снежня інтэрнэт-крама аднавіла прыём заказаў для дастаўкі ў Менску, а з 18 студзеня 2024 года яна паэтапна адкрывае прыём заказаў ва ўсіх абласных гарадах і Іўі.
У лютым 2024 года Рамук заяўляў, што пра закрыццё крамаў гаворка не вядзецца, а «ідзе аптымізацыя сеткі пад цяперашнія фінансавыя ўмовы праз тое, што многія пастаўшчыкі змянілі форму аплаты».