навіны

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла на свабоду

Паліна Шарэнда-Панасюк. (Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк)
Паліна Шарэнда-Панасюк. (Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк)
podpis źródła zdjęcia

Яе тэрмін зняволення скончыўся 21 траўня.

Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк, якая павінна была выйсці на свабоду 21 траўня, этапавалі ў гомельскі СІЗА за два дні да завяршэння тэрміну пакарання.
Паліна Шарэнда-Панасюк. (Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк)
Паліна Шарэнда-Панасюк. (Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк)


,,

«Паліна не выйшла. Яшчэ 19 траўня яе этапавалі з калоніі № 24, куды дакладна, хаваюць», – паведаміў у Фэйсбуку муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.


Пазней Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што Паліна Шарэнда-Панасюк цяпер знаходзіцца ў гомельскім СІЗА. Яна была этапаваная туды па патрабаванні Рэчыцкага аддзялення СК. Сёння ёй павінны выставіць новае абвінавачванне – ягоная сутнасць пакуль невядомая.
Адначасова ў падкантрольным ГУБАЗіКу Telegram-канале зʼявілася здзеклівае паведамленне: «А хто ўвогуле сказаў, што Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці? Грамадскасці не варта турбавацца, усе змагары застануцца тамака, дзе ім належыць».
Нагадаем, грамадскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ва ўласным доме ў Берасці 3 студзеня 2021 года. Яе асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ва ўжыванні гвалту ў дачыненні міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў знявазе Аляксандра Лукашэнкі. Потым палітзняволенай двойчы дадавалі 1 год калоніі паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). У зняволенні Паліна Шарэнда-Панасюк зазнавала сістэматычны ціск.
У сакавіку 2024 года ў рэчыцкай калоніі БТ зняло прапагандысцкі сюжэт пра Паліну Шарэнду-Панасюк. У кадр трапіла жоўтая бірка палітзняволенай: там было пазначана, што яе тэрмін павінен скончыцца 21 траўня. На пачатку траўня стала вядома, што для Шарэнды-Панасюк устанавілі прэвентыўны нагляд – гэта працэдура, якую выкарыстоўваюць у дачыненні тых, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі. Гэты факт даў надзею на тое, што Паліну Шарэнду-Панасюк сапраўды плануюць вызваліць, а не дадаць тэрмін зноў.
Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10