навіны

Зарабіць на мігрантах не атрымалася: 23-гадовага беларуса выдварылі з Польшчы ў Беларусь

 (Фота: strazgraniczna.pl)
(Фота: strazgraniczna.pl)
podpis źródła zdjęcia

Беларус дапамог перасячы мяжу з Нямеччынай як мінімум шасці замежнікам.

Грамадзяніна Беларусі затрымалі пры перавозцы мігрантаў на нямецка-польскай мяжы. За дапамогу ў нелегальнай міграцыі на яго завялі справу і выдварылі з краіны, паведаміла 21 траўня Памежная служба Польшчы.
 (Фота: strazgraniczna.pl)
(Фота: strazgraniczna.pl)
19 траўня сумесны польска-нямецкі патруль памежнікаў спыніў на польска-нямецкай мяжы зарэгістраваны ў Польшчы Opel, кіраваў якім 23-гадовы беларус. Як высветлілася, ён перавозіў нелегальных мігрантаў з Афганістану.
Памежнікі ўбачылі, як з ягонага аўтамабіля выбеглі некалькі мужчын і пабеглі ў бок Нямеччыны. Ім удалося затрымаць аднаго афганца на польскім баку мяжы і яшчэ пяцёх афганцаў – ужо на тэрыторыі Нямеччыны.
У затрыманага ў Польшчы грамадзяніна Афганістану не было дакументаў, якія пацвярджалі б законнасць яго знаходжання ў Польшчы.
Беларуса затрымалі за садзейнічанне ў незаконным перасячэнні мяжы з Беларусі ў Польшчу сама меней шасці замежнікам. Ён прызнаў сваю віну і «скарыстаўся правам добраахвотна пайсці на пакаранне ў выглядзе 10 месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады выпрабавальнага тэрміну», паведамляе польская памежная служба.
Акрамя гэтага, у дачыненні да беларуса завялі крымінальную справу, у выніку чаго ён мусіў пакінуць тэрыторыю Польшчы ў прымусовым парадку. Яго даставілі да мяжы і перадалі беларускім памежнікам.
Нагадаем, што ў студзені ў Польшчы затрымалі групоўку з 23 чалавек, якія займаліся арганізацыяй незаконнай міграцыі з Беларусі ў Еўразвяз. Сярод затрыманых былі і беларусы.
Ася Саковіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10