навіны

Дачка палітзняволенай Алены Гнаўк была вымушаная пакінуць Беларусь

Аляксандра Семянюк з дзецьмі. (Фота: bysol.org)
Аляксандра Семянюк з дзецьмі. (Фота: bysol.org)
podpis źródła zdjęcia

Для Аляксандры Семянюк на платформе «BYSOL» абвешчаны збор.

Фонд салідарнасці «BYSOL» абвесціў збор сродкаў для Аляксандры Семянюк, дачкі палітзняволенай Алены Гнаўк. Семянюк трапіла пад палітычна матываваны пераслед і была вымушаная пакінуць Беларусь у красавіку 2024 года.
Аляксандра Семянюк з дзецьмі. (Фота: bysol.org)
Аляксандра Семянюк з дзецьмі. (Фота: bysol.org)


,,

«Раніцаю 23 студзеня 2024 года я прачнулася ад груку ў дзверы. Для мяне быў шок, калі я зразумела, што да мяне прыйшлі з ператрусам. Канфіскавалі некалькі маміных лістоў, ейны штодзённік і забралі мой тэлефон, а мяне адвезлі на шасцігадзінны допыт у КДБ», – апавядае Аляксандра Семянюк у сваім звароце, апублікаваным «BYSOL».


Жанчына сталася фігуранткаю крымінальнай справы паводле арт. 361 КК («Заклікі да санкцыяў») праз дапамогу, атрыманую ад ініцыятывы «DissidentBy». З гэтым абвінавачаннем ёй пагражала пакараннем тэрмінам ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі.


,,

«Мяне пасадзілі на трое содняў у ІЧУ, дзе для ўтрымання палітычных створаныя ўмовы, каб зламаць і здушыць чалавека. Увесь гэты час я думала пра маму. Апынуўшыся ў адзіночнай камеры, я сказала пра сябе: «Вы мяне не зламаеце». Гэта дало мне сілы вытрымаць усё, што адбываецца.


З ІЧУ я выйшла з разуменнем, што была вельмі бестурботная ў сваёй краіне, нягледзячы на ўсё тое, што мы прайшлі з мамай. Я зразумела, што ў любы момант мае дзеці могуць застацца без маці. Рашэнне з’яжджаць я прымала цяжка, выплакала процьму слёзаў, але ўсё ж наважылася пакінуць з дзецьмі Беларусь», – кажа Аляксандра.
У красавіку 2024 года Семянюк з траімі дзецьмі пакінула Беларусь. Цяпер сямʼя застаецца ў шэлтары для беларускіх палітычных эмігрантаў і мае патрэбу ў фінансавым падтрыманні, каб аплаціць жытло і набыць прадметы першай неабходнасці.


,,

«Пакуль мы тут адаптуемся, легалізуемся – без сяброў і працы я не разумею, чым і як я буду карміць сваіх дзяцей. Таму я шукаю дапамогу ў кожнага, хто можа зразумець і падзяліць маё становішча і стан!» – адзначаецца ў звароце жанчыны.


Нагадаем, што 23 студзеня па ўсёй Беларусі супрацоўнікі КДБ учынілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітычных вязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне. Прычынаю зацікаўленасці КДБ сталася дапамога семʼям палітвязняў ад ініцыятываў, прызнаных экстрэмісцкімі фармаваннямі. Паводле праваабаронцаў, усяго ў межах рэйду сілавікоў пад пераслед трапілі мінімум 165 чалавек.
Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10