Спявачку Ляўчук і блогера Павука будуць судзіць паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу
28.05.2024, 11:07
Спявачка Маргарыта Ляўчук. (Фота: ГР / Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Сярод абвінавачванняў – глумленне з дзяржаўных сімвалаў, знявага Лукашэнкі, экстрэмізм.
У Берасцейскім абласным судзе 31 траўня пачнуць судзіць оперную спявачку Маргарыту Ляўчук, блогера Андрэя Павука, Вольгу Павук, Аляксандра Чахоўскага, Іллю Салянкова і Уладзіслава Наважылава. У справе фігуруе адразу 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Спявачка Маргарыта Ляўчук. (Фота: ГР / Белсат)
Суд пройдзе завочна. Сярод абвінавачванняў – глумленне з дзяржаўных сімвалаў, знявага Лукашэнкі, спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, паведамляе «Берасцейская Вясна».
«Сутнасць абвінавачванняў невядомая, і даведацца іх не атрымаецца, паколькі суд пройдзе ў закрытым рэжыме. Ролю суддзі выканае Святлана Крамянеўская», – пішуць праваабаронцы.
Андрэй Павук і Маргарыта Ляўчук стварылі праект «Красная Зелень» з сатырычнымі песнямі. У 2022 годзе спявачку аб’яўлялі ў вышук паводле артыкулу 370 КК («Глумленне з дзяржаўных сімвалаў»).
Маргарыта Ляўчук – з вёскі Страдзеч Берасцейскага раёну. 15 траўня сілавікі чарговы раз прыходзілі да ейных бацькоў а 6:30. Яны распытвалі пра Маргарыту і даведаліся пра ейны кантакт у «Telegram». Таксама за апошнія два гады дом бацькоў спявачкі абшуквалі двойчы.