Пыл стэпаў і пустыняў Сярэдняй Азіі накрые Беларусь
27.05.2024, 22:22
(Фота: t.me/nadvorie)
podpis źródła zdjęcia
Пыл ні на што не паўплывае. Але магчыма, убачым прыгожыя заходы і світанкі.
Узняты моцным ветрам пыл з пустыняў і стэпаў Казахстану, Узбекістана, Туркменістану і Расеі прыйдзе ў Беларусь у ноч з 28 на 29 траўня. Найбольш высокая яго канцэнтрацыя будзе назірацца ў паўднёвых і паўднёва-заходніх раёнах на вышынях 500 – 1500 м, паведамляе Telegram-канал nadvorie.
(Фота: t.me/nadvorie)
Падчас такіх з’яў ёсць шанец заўважыць памутненне неба, нязначнае пагаршэнне бачнасці, з ападкаў могуць быць так званыя слабыя «гразевыя» дажджы.
Спецыялісты запэўніваюць, што стэпавы пыл не павінен ніяк паўплываць на звыклы ход рэчаў. Магчыма, толькі заходы і світанкі будуць крыху іншымі візуальна. Да сярэдзіны тыдня патокі вятроў зменяцца, і ўвесь пыл знікне.
Нагадаем, у красавіку 2024 года Беларусь накрывала воблака пылу з пустыні Сахара. Аб наяўнасці пылу сведчыў аранжавы колер неба падчас заходу сонца і ранішняга ўзыходу сонца.