У ПК «Воўчыя норы» згарэлі ўсе камп’ютары. Асуджаныя не могуць цяпер рабіць відэазванкі
27.05.2024, 17:52
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Engin Akyurt / Pexels)
podpis źródła zdjęcia
Кажуць, вінаватая навальніца 20 траўня.
У папраўчай калоніі № 22 (вядомай пад назваю «Воўчыя норы») згарэлі ўсе камп’ютары, набытыя нядаўна, каб асуджаныя маглі рабіць відэазванкі. Папраўчая ўстанова падлічвае страты ад навальніцы 20 траўня: ва ўстанове згарэлі ўсе падлучаныя электрапрыборы, перадае MAYDAY.TEAM.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Engin Akyurt / Pexels)
Папраўчая калонія № 22 цягам содняў была адрэзаная ад вонкавага свету. Прычына – наймацнейшая залева з навальніцай, што прайшла ў панядзелак, 20 траўня, у ваколіцах вёсак Даманава і Боркі. Стыхія цалкам адлучыла тэлефонную сувязь у калоніі, а цяпер стала вядома, што ў ПК № 22 ад удараў маланкі згарэлі ўсе падлучаныя на той момант электрапрыборы. Таму цяпер адмененыя ўсе відэазванкі.
ПК № 22 лічыцца івацэвіцкай, бо размешчаная ў Івацэвіцкім раёне Берасцейскай вобласці. Але насамрэч пад яе патрэбы ў 1993 годзе была аддадзена закрытая ракетная вайсковая частка, што стаіць у глыбокім лесе на мяжы Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцяў. Сістэма навальнічнай абароны выкарыстоўвалася з тых жа часоў.
Калонія месціцца прыкладна за 20 км ад райцэнтру на шляху ад Івацэвічаў да Слоніму. Утрымліваць асуджаных у ёй сталі з 2000 года, адпаведна, камунікацыі з тых часоў не мяняліся, а ўсе рамонты рабіліся рукамі зняволеных і за кошт іхных сваякоў.
Калонія ўзмоцненага рэжыму «Воўчыя норы» апошнімі гадамі стала вядомая тым, што сюды пачалі накіроўваць палітычных вязняў. Раней у калоніі адбывалі пакаранне зняволеныя з наркатычнымі артыкуламі. Акрамя гэтага, адміністрацыя папраўчай установы здаўна славіцца сваёй жорсткасцю і стварэннем невыносных умоваў для асуджаных.
Цяпер у калоніі ў Івацэвічах адбываюць тэрміны не менш як 63 палітзняволеныя. Напрыклад, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які хварэе на анкалогію і зазнае ў калоніі катаванні.