У Менску паўтарагадовае дзіця выпала з 11-га паверху
28.05.2024, 16:39
Двор, у якім адбылася трагедыя. (Крыніца: БелТА)
podpis źródła zdjęcia
Мама была ў гэтым жа пакоі, але адвярнулася ўсяго на хвілінку.
Жудаснае здарэнне адбылося 28 траўня ў Менску: з 11-га паверху выпала дзяўчынка, якой было ўсяго паўтара года. Яна загінула, піша БелТА.
Двор, у якім адбылася трагедыя. (Крыніца: БелТА)
Паўтарагадовая дзяўчынка была ў пакоі з адчыненым акном. Яна спачатку ўзабралася на канапу, а пасля на падваконне. Абапёршыся на маскітную сетку, дзіця выпала разам з ёю з акна 11-га паверху, паведамляе Следчы камітэт.
Ад атрыманых траўмаў дзяўчынка памерла на месцы. Пры гэтым, як паведамляецца, мама была ў адным пакоі з дачкой і адвярнулася ўсяго на хвіліну.
Па факце смерці дзяўчынкі Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэту Менску ладзіць правяранне.
Цягам месяца гэта далёка не адзіны выпадак, калі ў выніку няшчаснага выпадку дзеці выпадаюць з вокнаў. Гэтак, 5 траўня з акна 8-га паверху дому ў Горадні выпала дзяўчынка, яе даставілі ў лякарню ў цяжкім стане. 11 траўня ў мястэчку Краснасельскі Ваўкавыскага раёну выпаў шасцігадовы хлопчык, ён таксама атрымаў цяжкія траўмы і быў шпіталізаваны. 2 траўня з акна другога паверху ў Менску выпаў чатырохгадовы хлопчык: на шчасце, ён не атрымаў моцных траўмаў.