Хірургу-стаматолагу і яго сябрам за палітыку пагражае да 12 гадоў калоніі. Хроніка рэпрэсіяў
29.05.2024, 23:45
(Фота: svaboda.org)
podpis źródła zdjęcia
Агляд рэпрэсіяў за 29 траўня.
У Беларусі чатыры гады не спыняюцца жорсткія рэпрэсіі рэжыму супраць беларусаў. Падборка новых выпадкаў – у нашым матэрыяле.
(Фота: svaboda.org)
Хірургу-стаматолагу і яго сябрам за палітыку пагражае да 12 гадоў калоніі
Хірургу-стаматолагу Эдуарду Кашэцяну і яго сябрам Уладзіміру Алісіевічу і Андрэю Валахановічу за палітыку пагражае ад 5 да 12 гадоў калоніі. Іх абвінавачваюць па пяці артыкулах: «распальванне варажнечы групай асоб або з цяжкімі наступствамі» (ч. 3 арт. 130 КК), «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «рэабілітацыя нацызму, здзейсненая групай асоб або з цяжкімі наступствамі» (ч. 3 арт. 130-1 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), піша «Наша ніва».
Кашэцян – 32-гадовы мянчук з армянскімі каранямі. Па адукацыі ён урач, працаваў у 4-й гарадской стаматалагічнай паліклініцы. Яго затрымалі ў верасні 2023-га за чат, у якім яны з сябрамі абмяркоўвалі розныя падзеі. Відаць, тады ж затрымалі і двух яго сяброў. Алісіевічу 33 гады, калі верыць яго сацсеткам, ён прадаваў нерухомасць. Валахановічу 34 гады. Вядома, што яны сябравалі вельмі даўно. Суд пачнецца 7 чэрвеня ў Менскім гарадскім судзе.
За ўдзел у пратэстах 2020-га затрымалі адразу пяць сяброў
За ўдзел у пратэстах 2020-га ў Мінску затрымалі адразу пяць сяброў. Сілавікі паказалі іх сумеснае фота на адной ў паслявыбарчых вулічных акцый, калі яны ішлі па праезнай частцы адной з вуліц. Што пагражае мужчынам, пакуль невядома. У затрыманнях разам з супрацоўнікамі ГУБАЗіК удзельнічалі байцы САХР.
За падпіскі на «экстрэмісцкія рэсурсы» затрыманы актор ТЮГа
Сілавікі паведамляюць пра затрыманне актора аднаго з беларускіх тэатраў. Мужчына на відэа кажа, што ўдзельнічаў у пратэсных маршах, быў падпісаны на «экстрэмісцкія рэсурсы» і зарэгістраваны ў чат-боце «Перамога» (потым заблакаваў гэты рэсурс). Паводле яго, на яго склалі адміністрацыйны пратакол і завялі крымінальную справу.
Мужчына таксама кажа, што быў задзейнічаны ў прэм’ерным спектаклі, але запланаваны паказ праз яго затрыманне не адбудзецца. «Медыязона» высветліла, што затрыманы – гэта акцёр тэатра юнага гледача Аляксандр Гладкі. На сайце тэатра тым часам зʼявілася паведамленне, што «28 траўня замест спектакля »Дзікае паляванне караля Стаха« адбудзецца спектакль «Джульета. Рамэа. Шэкспір» у сувязі з вытворчай неабходнасцю». Аляксандр Гладкі павінен быў выконваць у гэтым спектаклі галоўную ролю.
У Беларусі евангельскі прапаведнік стаў фігурантам крымінальнай справы
У Беларусі евангельскі прапаведнік Мікалай Хіло стаў фігурантам крымінальнай справы, паведамляе тг-канал «Хрысціянская візія». Яго затрымалі яшчэ 24 красавіка, ён знаходзіўся на Акрэсціна. Цяпер жа Хіло ўзяты пад варту і ўтрымліваецца ў новым СІЗА ў Калядзічах. Прычыны затрымання дагэтуль невядомыя. Таксама невядома, па якім артыкуле была распачатая крымінальная справа. Мікалай Хіло – прапаведнік царквы ЕХБ «Дабравесце».
У Магілёве былога палітвязня арыштавалі зноў – за «паклёп» на Лукашэнку
У судзе Ленінскага раёну Магілёва 31 мая пачнецца судовы працэс у дачыненні да Паўла Белаголава. Яго абвінавачваюць у «паклёпе на Аляксандра Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК РБ). Суд будзе весці суддзя Таццяна Рахманенка, якая неаднаразова выносіла палітычна матываваныя прысуды, піша Mayday.team.
Павел Белаголаў – былы палітвязень. У жніўні 2022 года суд Дрыбінскага раёна прыгаварыў мужчыну да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ), а таксама за «распальванне сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК РБ).
У Гомлі за «экстрэмізм» асудзілі дырэктара кінатэатра
Стала вядома, што за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў быў затрыманы кіраўнік гомельскага кінатэатра імя Калініна Аляксандр Балсуноўскі, піша «Гомельская вясна».
29 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну г. Гомля на Аляксандра Балсуноўскага было накладзена адміністрацыйнае спагнанне па частцы 2 артыкула 19.11 («распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць») КаАП РБ. Пастанову суда выносіў суддзя Віктар Казачак. Праваабаронцы высвятляюць, якое менавіта адміністрацыйнае спагнанне было накладзена на Балсуноўскага.
За дабрачынныя ахвяраванні забароненым арганізацыям крымінальны пераслед у Беларусі зазналі не менш за 77 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Гаворка ідзе пра справы, распачатыя паводле арт. 3612 («фінансаванне экстрэмісцкага фармавання») і арт.2901 («фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці») Крымінальнага кодэксу.
Праваабаронцы канстатуюць, што крымінальная вытворчасць па такіх абвінавачваннях пачалася ў 2021 годзе, калі беларускія ўлады пачалі «актыўна прызнаваць фонды салідарнасці «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а некаторыя ініцыятывы – «тэрарыстычнымі арганізацыямі».
14 сакавіка 2024 года УУС Менскага аблвыканкаму паведаміла, што толькі сёлета выяўлена 260 чалавек, якія зрабілі данаты ініцыятывам і арганізацыям, прызнаным «экстрэмісцкімі фармаваннямі» на суму больш за 5 тыс. долараў. У якасці «адкуплення віны» сілавікі прымусілі гэтых асоб зрабіць «добраахвотныя ахвяраванні» на названыя рахункі на суму больш за 356 тыс. долараў.
Практыка такога «вызвалення ад адказнасці» шырока выкарыстоўваецца сілавымі структурамі, у тым ліку КДБ. Чалавеку прапануюць пералічыць грошы ў памеры, шматразовым данату, на рахункі розных дзяржарганізацый. Пры гэтым вядомыя выпадкі, калі ўмовы «здзелкі» не выконваліся, і пасля ахвяравання ўсё роўна ўзбуджалася крымінальная справа.
За чатыры гады па палітычна матываваных крымінальных справах у Беларусі асуджана не менш за 5 133 чалавекі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Статыстычная справаздача са звесткамі аб палітычных рэпрэсіях апублікаваная 29 траўня на сайце арганізацыі. Праваабаронцы прымеркавалі яе да чацвёртай гадавіны затрымання відэаблогера Сяргея Ціханоўскага.
Адзначаецца, што на 29 траўня 2024 год у Беларусі налічваецца 1.410 палітвязняў, з іх 1.237 мужчын і 173 жанчыны (123 адбываюць пакаранне ў калоніях).
Усяго з 2020-га палітычнаму пераследу падвергліся больш за 8 тыс. жанчын (1.154 асуджаныя па крымінальных справах).
Праваабаронцам вядома не менш чым пра 254 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў «асаблівай рызыцы» (16 чалавек з інваліднасцю, 91 – з цяжкім станам здароўя, 65 – старэйшыя за 60 гадоў, 10 – з ментальнымі разладамі).