СМІ: Двух топ-чыноўнікаў з Мінфіну і Мінтрансу судзяць за хабар і «здраду дзяржаве»
29.05.2024, 21:32
Калаж: nashaniva.com
podpis źródła zdjęcia
Ім пагражае па суме абвінавачанняў да 25 гадоў турмы.
Як мяркуецца, двух топ-чыноўнікаў з Мінфіну і Мінтрансу судзяць за хабар і «здраду дзяржаве», піша «Наша ніва».
Калаж: nashaniva.com
Такія высновы аўтары робяць у сувязі з інфармацыяй аб закрытым судовым працэсе, які распачаўся ў Менскім гарадскім судзе 27 траўня. Яго будзе весці суддзя Сяргей Кацэр, вядомы па многіх палітычных справах.
На лаве падсудных апынуліся Андрэй Іваноў і 56-гадовы Аляксандр Карзюк. Іх ініцыялы цалкам супадаюць з імёнамі былых беларускіх топ-чыноўнікаў, зазначае рэсурс. Іваноў да 2020-га займаў пасаду намесніка міністра транспарту і камунікацый, а Карзюк да нядаўняга часу ўзначальваў упраўленне фінансаў ЖКГ, транспарту і сувязі Міністэрства фінансаў.
Аляксандр Карзюк ні разу не даваў публічных інтэрв’ю. Вядома толькі, што ён добра гуляе ў шахматы, гаворыцца ў матэрыяле.
Андрэй Іваноў раней узначальваў РУП «Белаўтастрада», якое абслугоўвае сістэму BelToll.
«Беларусь і Расея – суседзі, саюзнікі і аднадумцы», – казаў ён у адным з апошніх сваіх інтэрвʼю на пасадзе.
Чыноўнік ездзіў з працоўнымі камандзіроўкамі ў розныя краіны, уключаючы ЕЗ, але ў сакавіку 2020-га яго раптоўна здымаюць «па дамове бакоў».
Акрамя «атрымання хабару ў буйным і асабліва буйным памерах» па ч.2 і ч.3 КК абодвух мужчын судзяць па ч.2 арт.356 КК (здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча). Сутнасць абвінавачання невядомая.
Ім пагражае па суме абвінавачанняў да 25 гадоў турмы.