«Наша Ніва»: Збанкрутавала кампанія Юрыя Чыжа, што кіравала сеткай заправак «Трайпл»
06.06.2024, 11:08
Юрый Чыж (Фота: nv-online.info)
podpis źródła zdjęcia
Яна мусіць выплаціць крэдыторам больш за $ 4,5 млн.
Эканамічны суд Менску пачаў працэдуру банкруцтва кампаніі «НафтаХімТрэйдынг», якой належала сетка АЗС «Трайпл». Запазычанасць перад крэдыторамі складае больш за $ 4,5 млн, паведамляе «Наша Ніва».
Юрый Чыж (Фота: nv-online.info)
Заяву на банкруцтва «НафтаХімТрэйдынгу» падаў яго асноўны крэдытор – Банк ВТБ (Беларусь), якому кампанія вінная 11,5 млн рублёў. Пры гэтым у закладзе ў банку застаюцца два абʼекты нерухомасці, што належаць пазычальніку (імаверна, гаворка ідзе пра непрададзеныя аўтазапраўкі).
Сам «НафтаХімТрэйдынг» дагэтуль лічыцца дзейнай арганізацыяй. У яго штаце засталося пяць работнікаў (трое з іх у дэкрэтным адпачынку). Пры гэтым фактычна кампанія не працуе, бо ў 2021 годзе яе пазбавілі ліцэнзіі. Нягледзячы на пярэчанні прадстаўнікоў пазычальніка, суд адкрыў справу аб банкруцтве і прызначыў чарговае паседжанне на 27 чэрвеня.
Летась на аўкцыёны некалькі разоў выстаўляліся запраўкі «Трайпл», якія належаць «НафтаХімТрэйдынгу».
Юрый Чыж працяглы час лічыўся адным з найбольш уплывовых бізнесоўцаў краіны. Алігарх уваходзіў у найбліжэйшае кола Аляксандра Лукашэнкі, яго называлі «гаманцом» самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі. Але потым бізнесовец трапіў у няміласць, яго некалькі разоў арыштоўвалі. У лютым 2023 года Чыжу прысудзілі тры з паловаю гады пазбаўлення волі за махлярства і адмыванне грошай. Але ў калонію былы «гаманец» Лукашэнкі не паехаў: паводле амністыі, яму залічылі ў тэрмін пакарання час, які ён ужо адседзеў.