Бартавога радыста Ігара Саблінскага пахавалі ў Беларусі.
навіны
Радыё «Свабода»: У складзе экіпажу Іл-76, збітага ў студзені каля Белгараду, быў беларус

podpis źródła zdjęcia
24 студзеня над Белгародскаю вобласцю быў збіты расейскі вайскова-транспаратавы самалёт Іл-76. Паводле радыё «Свабода», сярод загінулых чальцоў экіпажу быў нарадзінец Віцебску Ігар Саблінскі.
У склад экіпажу самалёта, што зазнаў катастрофу каля Белгараду, уваходзіў бартавы радыст Ігар Саблінскі. Ён паходзіць з Беларусі, нарадзіўся ў Віцебску 6 верасня 1969 года. У Беларусі яго і пахавалі, аднак дакладнага месца публічна не ўдакладнялі.
Паведамляецца, што экіпаж Іл-76 быў «злятаны»: выконваў заданні і ў Сірыі, і ў Казахстане, і на гашэнні пажараў у Турэччыне. Для старшага прапаршчыка Ігара Саблінскага гэта мусіў быць ці не апошні палёт: пасля 30 гадоў службы ён падаў дакументы пра выхад на пенсію паводле ўзросту.
Ігар Саблінскі меў кваліфікацыйную катэгорыю «бартавы спецыяліст першага класу», старшы паветраны радыст. Таксама інструктаваў маладых лётчыкаў. У небе правёў больш за 6 тысяч гадзінаў. Быў узнагароджаны медалём Несцерава, медалямі за адзнаку ў вайсковай службе ўсіх ступеняў, за вайсковую доблесць 2-й і 1-й ступеняў, «Удзельнік ваеннай аперацыі ў Сірыі» і за ўмацаванне баявой садружнасці. Пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Мужнасці – яго атрымала дачка Саблінскага.
Паводле радыё «Свабода», Ігар Саблінскі стаўся чацвёртым загінулым лётчыкам, які паходзіў з Беларусі і ваяваў на баку Расеі. Але ён другі, каго пахавалі ў Беларусі.
Глеб Нержын belsat.eu