Менск абвінаваціў Варшаву ў «залішняй палітызацыі» гібелі польскага жаўнера
07.06.2024, 16:10
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз. (Фота: МИД Беларуси / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
У МЗС заявілі, што нота пратэсту «разгледзяць з улікам усіх абставінаў».
У Міністэрстве замежных справаў Беларусі пракаментавалі гібель польскага жаўнера на беларускай мяжы.
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз. (Фота: МИД Беларуси / Facebook)
28 траўня сталася вядома, што мігрант, які спрабаваў нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу, напаў з нажом на польскага жаўнера. Раненне было сур’ёзнае, вайскоўца даставілі ў шпіталь, 6 чэрвеня ён памёр. У сувязі з трагедыяй у МЗС Польшчы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксея Панкраценку і перадалі ноту пратэсту. Варшава патрабуе ад Менску выдаць падазраванага ў забойстве польскага вайскоўца і спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што беларускі бок атрымалі ноту пратэсту МЗС Польшчы, яе «разгледзяць з улікам усіх абставінаў». Глаз выказаў спачуванне родным і блізкім загінулага жаўнера.
Разам з тым, прадстаўнік МЗС Беларусі зазначыў, што для перадухілення такіх трагедыяў трэба аднавіць нармальныя памежныя кантакты. Ён усклаў на ўлады Польшчы адказнасць за разрыў узаемадзеяння з афіцыйным Менскам у праваахоўнай сферы і спыненне дыялогу па лініі памежных упаўнаважаных:
,,
«Беларусь гатовая аднавіць узаемадзеянне ў праваахоўнай сферы, аднак гэта вуліца, як вядома, з двухбаковым рухам. Таму аднаўляць такое ўзаемадзеянне можна толькі ў поўным абʼёме. Без гэтага такія публічныя ноты – гэта не спосаб сістэмна развязаць праблему, а залішняя палітызацыя цалкам канкрэтнага пытання, спроба апраўдацца перад уласнаю грамадскаю думкай і перакласці адказнасць».
Нагадаем, што з вясны 2024 года Польшча стала фіксаваць рост спробаў нелегальна перайсці мяжу з боку Беларусі. У праваахоўных органах Польшчы зазначаюць, што расце не толькі колькасць мігрантаў, якія спрабуюць прарвацца праз мяжу, але і іхная агрэсіўнасць. Цягам апошніх тыдняў паведамлялася пра шэраг выпадкаў, калі польскія жаўнеры атрымлівалі раненні ў выніку нападу мігрантаў.