навіны

Беларускіх назіральнікаў паслалі на выбары ў Паўднёвую Асецію (якую Беларусь не прызнае)

Будынак парламенту Паўднёвай Асеціі. (Фота: Parliamentrso.org)
Будынак парламенту Паўднёвай Асеціі. (Фота: Parliamentrso.org)
podpis źródła zdjęcia

Чаму і якія назіральнікі ад Беларусі апынуліся на гэтых выбарах, невядома.

У Паўднёвую Асецію на парламенцкія выбары прыехалі 34 замежныя назіральнікі з Расеі, Беларусі, Турэччыны і Вугоршчыны, расказала расейскаму ТАСС кіраўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі рэспублікі, не прызнанай амаль нікім у свеце, у тым ліку Беларуссю, Турэччынай і Вугоршчынай.
Будынак парламенту Паўднёвай Асеціі. (Фота: Parliamentrso.org)
Будынак парламенту Паўднёвай Асеціі. (Фота: Parliamentrso.org)
На 34 месцы ў парламенце прэтэндуе 181 кандыдат. Месцы падзеляць па-роўнаму між кандыдатамі па аднамандатных акругах (такіх 108) і кандыдатамі з партыйных спісаў (іх 73 ад 7 партыяў). Выбарнікаў у спісах – 29 тысячаў чалавек, выбары адбудуцца пры яўцы не менш за 50 %.
Як расказвае незалежнае каўказскае выданне «Jam News», да выбараў не дапусцілі пяць палітычных аб’яднанняў, у тым ліку партыю «За справядлівасць» – найбольш актыўных праціўнікаў дзейнай улады. Некаторыя партыі спрабавалі абскардзіць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе. Скаргі адхілілі, а пазоўнікі заявілі аб «мэтанакіраванай кампаніі зачысткі палітычнага поля», падазраюць выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу дзеля перамогі кіроўнай партыі «Ныхас».
Паўднёвая Асеція – часткова прызнаная дзяржава на тэрыторыі, якую абсалютная большасць краінаў свету прызнае часткай Грузіі. Незалежнасць Паўднёвай Асеціі прызнаюць Расея, Нікарагуа, Нуару, а таксама рэжымы Нікаляса Мадура з Венесуэлы і Башара Асада з Сірыі, якія толькі часткова кантралююць свае дзяржавы.
Наўрад ці цяперашнія выбары прызнаюць многія іншыя краіны – напрыклад, Азербайджан ўжо апублікаваў адмысловую заяву аб іх непрызнанні і падтрыманні тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі.
Чаму і якія назіральнікі ад Беларусі апынуліся на гэтых выбарах, невядома. Беларускія дзяржаўныя медыі аб гэтым не паведамлялі. Улады Беларусі не прызнавалі Паўднёвую Асецію незалежнай (як, напрыклад, прызналі ўкраінскі Крым расейскім) і не мелі з ёй надта цесных кантактаў (у адрозненне ад другой сепаратысцкай рэспублікі на тэрыторыі Грузіі – Абхазіі, куды лятаў два гады таму сам Аляксандр Лукашэнка).
У час распаду СССР Паўднёвая Асеція спрабавала далучыцца да Саюзу як асобная ад Грузіі рэспубліка, праз гэта распачаўся этнічны канфлікт, а затым і вайна 1991–1992 гадоў, ахвярамі якой сталі звыш 1200 чалавек. Расея прызнала незалежнасць Паўднёвай Асеціі пасля расейска-грузінскай вайны.
У 2022 годзе ў Паўднёвай Асеціі збіраліся правесці рэферэндум аб яе ўваходжанні ў склад Расеі. Але нечакана Расея, якая вядзе вайну за далучэнне ўкраінскіх тэрыторыяў, ідэю не падтрымала, і плебісцыт быў пастаўлены на паўзу. У 2023-м Паўднёвая Асеція заявіла пра жаданне далучыцца да «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10