навіны

У Беларусі працягваюцца залевы. Цяпер падтапіла Гомель

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

На заўтра, 12 чэрвеня, пакуль абвясцілі толькі жоўты ўзровень небяспекі.

Як і на мінулым тыдні, у Беларусі працягваюцца залевы. 11 чэрвеня ўва ўсіх вобласцях, акрамя Гарадзенскай, абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі. З Гомля паведамляюць пра патоп.
Месцы падтоплівання ў Гомлі «традыцыйныя», паведамляе «Флагшток»: скрыжаванне вуліцаў Кірава і Жаркоўскага, вуліцы Інтэрнацыянальная (каля былога заводу Кірава), Палеская (каля «Беларуснафты») і Барыкіна (каля перакрыжавання з вуліцай Гомельскай). «Гомельская праўда» дадае, што праблемы ўзніклі ў нізінах і тых месцах, дзе не спраўляецца ліўневая каналізацыя.
У другой палове дня 11 чэрвеня навальніцы ўсё яшчэ чакаюцца на ўсходзе Беларусі. 10 чэрвеня пра паводку паведамлялі з Ганцавічаў і Берасця, да таго двойчы затапляла Менск і яшчэ два разы – Берасце… Дырэктар менскага «Гаррэмліўнесцеку» апраўдваецца: ліўневая каналізацыя прымае значна больш дажджавых сцёкаў, чым 20–30 гадоў таму, бо горад разрастаецца, але ж за апошнія 10 гадоў колькасць месцаў падтоплівання знізілася на траціну.
У найбліжэйшы час паводкі могуць працягнуцца. На 12 чэрвеня пакуль абвясцілі толькі жоўты ўзровень небяспекі – ранкам і ўдзень месцамі на паўднёвым усходзе чакаюць моцныя дажджы. На 13 і 14 чэрвеня прагназуюць пераменную хмарнасць з кароткачасовымі дажджамі і навальніцамі. Тэмпература паветра ў найбліжэйшыя дні +17..24 °С удзень, не ніжэй за +6 °С уначы.
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10