Калапс на мяжы з Польшчаю: 300 аўтаў у чарзе і перакрыты рух
12.06.2024, 14:48
Варшаўскі мост удзень 12 чэрвеня. (Фота: gpk.gov.by)
podpis źródła zdjęcia
Аўтобусаў, якія чакаюць уезду на польскі бок, сабралася 36.
Раніцаю 12 чэрвеня польскі бок спыніў рух у пункце пропуску «Тэрэспаль» («Берасце») праз беларуса, якога выправадзілі з Польшчы. Да таго часу з беларускага боку і так сабраліся 300 легкавікоў, якія чакаюць уезду ў Польшчу. А цяжкавікоў, якія хочуць выехаць у ЕЗ, каля 2080. «Белсат» даведаўся пра сітуацыю на мяжы.
Варшаўскі мост удзень 12 чэрвеня. (Фота: gpk.gov.by)
А 10:00 на беларуска-польскай мяжы і так было напружана. У чарзе на пункце пропуску «Берасце» ўезду ў Польшчу чакалі 300 легкавых аўтамабіляў і 31 аўтобус.
Беларускія памежнікі тлумачаць гэта павольнаю працаю польскага боку.
«Кантрольныя службы Польшчы за содні аформілі ўсяго 28 % легкавікоў ад нормы», – піша Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
У чатах, дзе абмяркоўваюць праходжанне мяжы, людзі таксама скардзяцца на працу работнікаў польскага боку: «Палякі працуюць сёння жудасна. Проста словаў няма».
Іншыя цікавяцца, ці можна перасесці ў аўтобус бліжэй да мяжы.
,,
«Да Варшавы [кіроўца аўтобуса] узяў 100 рублёў», – адказвае адзін з удзельнікаў чату.
Тым часам беларуская транспартавая міліцыя змагаецца з такою практыкаю, кажа іншы карыстальнік:
,,
«На выездзе з Беларусі ўначы былі адныя маршруткі амаль. Чаргу страшную з аўтобусаў раскідалі. Учора прыязджала транспартавая міліцыя і наводзіла парадак з пасажырамі».
Сітуацыя пагоршылася часова перакрытым рухам праз тое, што на мяжы апынуўся беларус Дзмітрый Смактуновіч. Паводле ягонай жонкі Наталлі, мужчыну дэпартавалі з Польшчы за парушэнне правілаў перабывання ў Еўразвязе. Выявілася, што ў мужчыны ануляваны літоўскі ВНЖ. Жонка Дзмітрыя апавяла, што ён не ведаў пра ануляваны дакумент, бо ніякага паведамлення не было. Вяртацца ў Беларусь Дзмітрый баяўся, таму доўга заставаўся на мосце на польскай мяжы.
Варшаўскі мост удзень 12 чэрвеня. (Фота: gpk.gov.by)
Каля 8:30 раніцы Польшча перакрыла рух у абодва бакі ў пераходзе «Тэрэспаль». Яго аднавілі прыкладна праз дзве гадзіны, калі Дзмітрый усё ж перайшоў на беларускі бок.
,,
«У грамадзяніна адсутнічаюць праблемы з беларускім заканадаўствам, і, такім чынам, ён бесперашкодна можа вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», – напісаў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка расказаў, што што галоўнаю прычынаю дэпартацыі Смактуновіча сталася ранейшае спрыянне нелегальнай міграцыі. Такой інфармацыяй падзяліўся Надбужанскі аддзел польскай памежнай службы.
«Белсат» звярнуўся да прэс-сакратара Надбужанскага аддзелу памежнай службы Польшчы Дар’юша Сеніцкага. Ён сказаў, што Смактуновіч увогуле прыйшоў з Беларусі:
,,
«Выйшаў з тэрыторыі Беларусі і спрабаваў зайсці на тэрыторыю Польшчы грамадзянін Беларусі, які дайшоў да лініі мяжы Польшчы. На той лініі яго затрымалі».
Тым часам а 12:00 аўтобусаў у бок Польшчы сабралася ўжо 36.
На пункце пропуску «Кукурыкі» («Казловічы») уезду ў Польшчу ўдзень 12 чэрвеня чакаюць 150 цяжкавікоў, хоць яшчэ 11 чэрвеня чэргаў не было.
«Працаўнікі польскага пункту пропуску прынялі 57 % вялікагрузаў», – адзначае Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
Аднак праблемы не толькі з польскага боку. У Беларусь дарога таксама доўгая праз правяранні, якія лукашэнкаўскія сілавікі ладзяць на мяжы.
Варшаўскі мост удзень 12 чэрвеня. (Фота: gpk.gov.by)
«Сёння аўтобусам мінулі польскую мяжу а першай гадзіне ўначы і з нашай выехалі а 10:30 раніцы. Аўтобусаў было няшмат, проста такая змена, і шмат каго вельмі доўга дапытвалі», – пішуць у чаце.
У бок Літвы і Латвіі няма чэргаў з аўтобусаў, паведамляе памежны камітэт. Аднак людзі ў чатах пішуць, што пры паездцы ў бок Літвы трэба закладваць 7–10 гадзінаў на праходжанне мяжы. Уначы 12 чэрвеня адзін з аўтобусаў, які ехаў у Беларусь, прайшоў мяжу за 5 гадзінаў.
З легкавікамі найлепш сітуацыя пры ўездзе ў Латвію: там чарга ўсяго з 25 аўтаў на 12:00 12 чэрвеня. Людзі пішуць, што мяжу ў бок Латвіі праходзілі 5 гадзінаў.
Затое ў Беларусь з Латвіі машынаю ехаць складана.
,,
«Велізарная і без прасоўвання. Прыехалі ўчора а 21:00, стаім дасюль – 60 машынаў у чарзе», – скардзяцца ў чатах.
Іншыя пішуць, што выдаткавалі 17 гадзінаў на мяжу.
Уезду ў Літву праз пункты пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог») і «Шальчынінкай» («Беняконі») удзень чакаюць 140 і 105 легкавікоў адпаведна. З Літвы ў Беларусь чэргаў практычна няма, аднак літоўская памежная служба працуе павольна, пішуць у чатах:
«На “Беняконях” за тры гадзіны не выклікалі ніводнага аўта».
«Пуста. Адразу да літоўцаў», – апісвае сітуацыю іншы ўдзельнік чату.
А вялізныя чэргі з фураў захоўваюцца і ў бок Літвы, і ў бок Латвіі.
А 12:00 каля «Каменнага Логу» было 570 фураў, каля «Беняконяў» – 660.
«Менш за ўсё фураў за содні прынялі ў літоўскім “Мядзінінкаі” (“Каменны Лог”), яго кантрольныя службы прапусцілі на сваю тэрыторыю ўсяго 15 % транспарту ад нормы», – адзначае памежны камітэт Беларусі.
Таксама вялізная чарга з вялікагрузаў у бок Латвіі. На пункце пропуску «Грыгораўшчына» («Патэрніекі») сабралася 700 фураў.
«Работнікі гэтага памежнага пераходу прапусцілі на латвійскую тэрыторыю за содні 43 % аўтаў», – заключае Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.