«Uber» канчаткова знікне з Беларусі. Яго заменіць «Яндекс» пад новым прыкрыццём
14.06.2024, 13:17
Таксі ў Менску, Беларусь. 9 сакавіка 2021 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
«Uber BY» стаўся «Fasten». Гэта не рэйдарскі захоп, гэта «Яндубэр» мяняе маску.
Мабільныя праграмы агрэгатару таксі «Uber BY» 14 чэрвеня змянілі назву на «Fasten». Змянілася і іконка праграмы: на лагатып «Uber» накладваецца штосьці падобнае да лога «Facebook». Гэта не рэйдарскі захоп, гэта «Яндекс» мяняе маску.
Таксі ў Менску, Беларусь. 9 сакавіка 2021 года. (Фота: Белсат)
У траўні расейская кампанія «Яндекс» падала заяўку на рэгістрацыю ў беларускім Нацыянальным цэнтры ўласнасці гандлёвага знаку «Fasten». Пад гэтым знакам прасілі дазволіць 12 класаў паслуг і продажу тавараў, ад транспарту да спартовых тавараў. Яшчэ да падачы заяўкі з’явіўся сайт пад гэтым знакам, які стварыла юрыдычная асоба расейскага «Яндекса» ў Беларусі – кампанія «БелГо Корп».
«Fasten» – агрэгатар таксі расейска-амерыканскага паходжання: яго ў 2015 годзе запусціў у Злучаных Штатах расейскі бізнесовец. У 2021-м «Яндекс» купіў актывы кампаніі «Везёт», якой належаў «Fasten». У тым жа годзе «Яндекс» пачаў выкупаць долі ў супольных праектах з «Uber».
«Яндекс.Такси» ў 2017 годзе сталася супольным праектам «Яндекса» і «Uber» у Расеі, Беларусі, Казахстане, Грузіі, Азербайджане і Арменіі. Праз аб’яднанне кампаніяў у Беларусі ў 2018 годзе ўзнікла блытаніна: выклікаеш «Uber» – прыязджае «Яндекс». Сэрвісы перавялі на адну платформу, але пакінулі розныя праграмы для карыстальнікаў. Тады жартавалі пра «Яндубэр» і «Убрандэкс». Пазней жарт матэрыялізаваўся: для Беларусі запусцілі спецыяльную праграму «Uber BY», якою кіраваў «Яндекс» і якая ў «Google Play Store» мела кодавую назву «ru.yandex.uber_by».
У 2023 годзе «Яндекс» выкупіў долю «Uber» у «Яндекс.Такси» за $ 703 млн. Цяпер «Яндекс.Такси» завецца «Яндекс.Go».
Чаму «Яндекс» пастанавіў адмовіцца ад брэнду «Uber BY» на карысць «Fasten», невядома. Гэта можа быць звязана як з угодамі з «Uber», так і з нейкімі іншымі прычынамі – магчыма нават, з планамі на глабальны рэбрэндынг таксі «Яндекса» (якое праз расейскае паходжанне трапіла пад забарону ў Эстоніі). А можа быць неяк звязанае і з тым, што ў Беларусі прапануюць стварыць дзяржаўны аператар таксі. Ды пра перайменаванне на момант публікацыі нічога не паведамлялі ні «Uber», ні «Яндекс».