У Беларусі закрываецца БІП, адна з найстарэйшых прыватных ВНУ – СМІ
17.06.2024, 12:11
Корпус БІП. (Фота: bip-ip.by)
podpis źródła zdjęcia
Студэнтаў перавядуць у іншыя ўніверсітэты ўжо сёлета.
Закрываецца прыватная ВНУ «БІП – Універсітэт права і сацыяльных тэхналогіяў». Пра гэта распавёў студэнт, і гэта пацвердзіла адміністрацыя ўніверсітэту, піша «Зеркало».
Корпус БІП. (Фота: bip-ip.by)
«Чуткі хадзілі даўно, але днямі ад аднаго з метадыстаў я даведаўся, што ўсё гэта праўда, – распавёў студэнт БІП Дзмітрый. – Рашэнне прынялі заснавальнікі, і шмат для каго яно будзе жахлівым сюрпрызам».
Афіцыйнай абвесткі аб закрыцці ўніверсітэту няма, аднак журналістам пацвердзілі інфармацыю ў прыёмнай рэктара БІП.
«Паводле рашэння заснавальнікаў адукацыйная дзейнасць універсітэту спыняецца з 30 жніўня 2024 года. Усе студэнты, якія на гэты момант у нас ёсць, будуць пераведзеныя ў іншыя ВНУ гораду Менску. Усё гэта будзе праходзіць цэнтралізавана. Адзінае, трэба трошкі пачакаць, пакуль зʼявіцца афіцыйная інфармацыя і стануць вядомыя ўсе ВНУ, куды будуць пераводзіць дзяцей. Але хвалявацца не варта: усе будуць пераведзеныя, і вучоба працягнецца з 1 верасня ў іншых ВНУ», – распавяла сакратарка.
БІП быў адкрыты ў 1990 годзе навукоўцам і прадпрымальнікам Сцяпанам Сокалам. Ён жа да 2020 года быў рэктарам універсітэту, а ў снежні 2020 года памёр.
На сайце БІП гаворыцца, што за 30 гадоў працы ВНУ выпусціла больш за 30 тысяч спецыялістаў: юрыстаў, эканамістаў, бухгалтараў, юрыстаў-міжнароднікаў і іншых.
«Нашыя выпускнікі працуюць у дзяржаўных органах кіравання, праваахоўнай сістэме Беларусі, камерцыйных арганізацыях. Некаторыя з іх займаюць высокія дзяржаўныя пасады», – адзначае БІП.