Гэтыя пастаўкі сталі прычынаю дыпламатычнага скандалу ў стасунках Менску і Ерэвану.
Выданне «Флагшток» паведамляе, што ў сеціва трапілі дакументы, якія, імаверна, маюць дачыненне да дыпламатычнага скандалу паміж Беларуссю і Арменіяй.
Армянскі рэгіянальны цэнтр дэмакратыі і бяспекі апублікаваў ліст ДЗГУП «Белспецзнештэхніка» ад 9 чэрвеня 2022 года, адрасаваны дырэктару ААТ «Гомельскі радыёзавод».
,, Order to the Director of the Gomel Radio Plant, dated June 9, 2022, regarding the provision of supplies and parts for the complete replacement and repair of towed and self-propelled howitzers belonging to partners from "Region 1221" (likely referring to Azerbaijan). pic.twitter.com/Q9GUNDmlAr — Regional Center for Democracy and Security (@regcendemsec) June 15, 2024
У лісце паведамляецца пра наяўнасць замовы на пастаўку гумова-тэхнічных вырабаў і дэталяў для буксіраваных і самаходных артылерыйскіх сістэмаў партнёрам з «рэгіёну 1221». У пералік увайшлі камплекты гаўбіцаў Д-20 і Д-30, трох відаў гарматаў, а таксама самаходных гаўбіцаў «Гваздзіка» і «Акацыя». Гомельскаму радыёзаводу прапанавана стаць пастаўляльнікам гэтай прадукцыі.
«Флагшток» адзначае, што ў агульнадзяржаўным класіфікатары «Краіны свету» коду 1221 няма. Тым не менш, спецыялісты Армянскага рэгіянальнага цэнтру дэмакратыі і бяспекі сцвярджаюць, што пад такім кодам маецца на ўвазе Азербайджан.
На апублікаваным файле ёсць вадзяны знак выдання «Politico». На мінулым тыдні «Politico» паведаміла, што атрымала дакументы, якія сведчаць, што Беларусь пастаўляла Азербайджану сучаснае вайсковае абсталяванне між 2018 і 2022 гадамі. Гэта адбывалася падчас вайны Азербайджану супраць Арменіі і армянскай самаабвешчанай рэспублікі Арцах (Нагорны Карабах), якая капітулявала ў 2023-м. Пры тым, што Беларусь і Арменія – саюзнікі ў АДКБ.
Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян, выступаючы 12 чэрвеня ў армянскім парламенце, заявіў, што Ерэван рыхтуецца да выхаду з АДКБ, а ён сам ніколі не паедзе ў Беларусь, пакуль пасаду прэзідэнта там займае Лукашэнка.
13 чэрвеня стала вядома, што Арменія адклікала свайго амбасадара з Менску для кансультацыяў, Беларусь на гэта адклікала свайго амбасадара.
Глеб Нержын belsat.eu