Суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзеў крымінальную справу супраць Алены Церашковай і прысудзіў маці чацвярых дзяцей абмежаванне волі на тры гады.
Суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзеў крымінальную справу супраць Алены Церашковай і прысудзіў маці чацвярых дзяцей абмежаванне волі на тры гады, паведамляюць крыніцы «Белсату». Пакаранне Алена будзе адбываць на месцы пражывання.
Алена Церашкова. (Фота:)
Пра затрыманне Алены Церашковай стала вядома 20 траўня. Жанчына – родная сястра палітвязня Максіма Вінярскага. Яна двухразовая чэмпіёнка Беларусі ў тэквандо, працуе хірургам і піша вершы ды прозу. Алену Церашкову абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 2020 года паводле «народнага» артыкулу 342.
Сілавікі размясцілі відэа, дзе Алена кажа на камеру, што ўдзельнічала ў пратэстах і што ўдома ў яе былі знойдзеныя магніцікі з выявай нацыянальнай беларускай сімволікі.
Алену Церашкову пасля абвяшчэння прысуду выпусцілі з-пад варты ў зале суда. Справу разглядала суддзя Юліяна Шчэрба.