Яна вярнула ва ўжытак дзясяткі імёнаў беларускіх рэпрэсаваных пісьменнікаў і дзеячаў эміграцыі.
Памерла пісьменніца і даследчыца беларускай літаратуры, адна з заснавальніц і шматгадовая сябра Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Лідзія Савік, паведамляе Zbsb.info. Сёлета ёй споўнілася 88 гадоў.
Лідзія Савік. (Фота: zbsb.info)
Лідзія Савік шмат гадоў працавала старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, была прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверстэта культуры і мастацтваў, дзе выкладала беларускую літаратуру. Лідзія Сымонаўна таксама з’яўлялася сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і старшынёй камісіі па вяртанні спадчыны беларускіх пісьменнікаў.
,,
«Менавіта дзякуючы яе карпатлівай працы, у тым ліку з архівамі КДБ, да якіх яна на пачатку 90-х атрымала доступ, у культурны ўжытак вярнуліся дзясяткі імёнаў і літаратурных твораў беларускіх рэпрэсаваных пісьменнікаў і дзеячаў эміграцыі», – піша Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Лідзія Савік выдала некалькі манаграфій, прысвечаных праблемам развіцця беларускай літаратуры, культавую кнігу «Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа« (2001) і некалькі кніг у суаўтарстве на сумежную тэматыку. Таксама яна мае больш за 300 артыкулаў, рэцэнзіяў і энцыклапедычных артыкулаў.
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (ЗБСБ) было ўтворанае ў 1990 годзе і цягам 30 гадоў сваёй дзейнасці аб’ядноўвала арганізацыі беларускай дыяспары з 28 краін краін свету і беларусаў унутры краіны.
24 верасня 2021 года ЗБСБ было ліквідаванае, згодна з прысудам Вярхоўнага суда РБ, па справе, ініцыяванай Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.