МЗС Швецыі мае намер прасоўваць беларускі парадак дня ў Еўропе
25.06.2024, 16:18
Сцяг Швецыі. (Фота: pixabay.com)
podpis źródła zdjęcia
Кіраўнік шведскага МЗС паабяцаў падтрымку дэмсілам Беларусі.
МЗС Швецыі прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб Беларусь прысутнічала ў Еўрапейскім парадку дня. Пра гэта паведамляе прэс-служба НАУ са спасылкай на кіраўніка шведскай дыпламатыі Тобіяса Більстрэма.
Сцяг Швецыі. (Фота: pixabay.com)
Тобіяс Більстрэм на сустрэчы з прадстаўніком НАУ канстатаваў неабходнасць трымаць пастаянны фокус на Беларусі, улічваючы ўцягнутасць рэжыму Лукашэнкі ў вайну ва Украіне, а таксама масавыя парушэнні правоў чалавека. У сувязі з гэтым Швецыя будзе працягваць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і падзяляе разуменне, што будучыня Беларусі ў еўрапейскай сям’і.
«Кіраўнік МЗС Швецыі адзначыў важнасць рэалізацыі ініцыятыў, якія будуць накіраваныя на абʼяднанне беларускага грамадства.
Асаблівую ўвагу Тобіяс Більстрэм надаў праблемам, якія тычацца неабходнасці падтрымкі беларускай культуры і мовы, а таксама магчымасцям атрымання адукацыі беларускай моладдзю ў краінах ЕЗ», – піша прэс-служба НАУ.
Прадстаўнік НАУ на сустрэчы адзначыў, што ключавым сродкам для аднаўлення міру і згоды ў грамадстве зʼяўляецца правасуддзе ў дачыненні да вышэйшага кіраўніцтва рэжыму ў Менску, а таксама рэалізацыі адказнасці дзяржавы перад сваімі грамадзянамі, пацярпелымі ад рэпрэсій.
Прадстаўнік НАУ таксама папрасіў міністра замежных спраў Швецыі падтрымаць ініцыятывы беларускіх дэмсілаў на пляцоўцы АБСЕ, а таксама крокі, якія скіраваныя на прыцягненне да крымінальнай адказнасці вышэйшага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе і Беларусі як дзяржавы ў Міжнародным судзе ААН.