У сталіцы Літвы напярэдадні Дня каранацыі Міндоўга на ягоным помніку напісалі «Вільня наша»
06.07.2024, 14:39
Помнік Міндоўгу ў Вільні, Літва. (Фота: Scotch Mist / Wikimedia Commons / CC BY-SA 4.0)
podpis źródła zdjęcia
Гэта не перашкодзіла ўдзелу Ціханоўскай у адмысловай святочнай цырымоніі.
Уначы ў Вільні апаганілі помнік Міндоўгу. Гэта здарылася напярэдадні Дня дзяржавы, або Дня каранацыі Міндоўга, што святкуецца сёння ў Літве. Правакацыя не перашкодзіла ўдзелу абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай у адмысловай святочнай цырымоніі.
Помнік Міндоўгу ў Вільні, Літва. (Фота: Scotch Mist / Wikimedia Commons / CC BY-SA 4.0)
Сёння ў суседняй Літве святкуюць Дзень дзяржавы, або Дзень каранацыі Міндоўга. Уначы на помніку каралю з’явіўся надпіс чырвонай фарбаю «Вільня наша». Выданне LRT перадае, што паліцыя пачала правяранне паводле артыкулу аб апаганьванні чужой маёмасці. За гэта пагражае да 2 гадоў зняволення. Злачынцаў шукаюць.
Правакацыя не перашкодзіла ўдзелу абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай у адмысловай цырымоніі ўзняцця сцяга. Лідарка падзякавала беларусам, якія прыйшлі на ўрачыстасць з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.
Як паведамілі «Белсату» у Офісе Ціханоўскай, на цырымоніі выступілі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і ягоны калега з Эстоніі Алар Карыс, які згадаў Беларусь у сваёй прамове, ён выказаў спадзеў, што і ў нашай краіне ў хуткім часе зайграе нацыянальны гімн.
Раней літоўскія палітыкі і грамадскія дзеячы разважалі пра пагрозу іх краіне ад беларусаў-«ліцвіністаў», некаторыя сцвярджалі, што атрымлівалі ад беларусаў паведамленні з пагрозамі, хаця на апублікаваных скрыншотах у тэкстах па-беларуску бачныя прыкметы машыннага перакладу. А Служба дзяржбяспекі Літвы не знайшла «ліцвінізму» у беларускай дыяспары.
30 студзеня ў эфіры Літоўскага радыё журналіст Рымас Бружас выказаўся за тое, каб літоўцы паказалі, што «не радыя» беларусам, якія «нясуць смярдзючую змяю знявагі да нашага ладу жыцця». Літоўскае радыё не пабачыла ў гэтым распальвання варожасці.