навіны

Пазітыўная дынаміка для расейцаў на ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?

Горад Тарэцк Данецкай вобласці, 5 ліпеня 2024 г. (Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum)
Горад Тарэцк Данецкай вобласці, 5 ліпеня 2024 г. (Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum)
podpis źródła zdjęcia

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 7 ліпеня.

«Белсат» падводзіць вынікі 865-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 7 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.
Горад Тарэцк Данецкай вобласці, 5 ліпеня 2024 г. (Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum)
Горад Тарэцк Данецкай вобласці, 5 ліпеня 2024 г. (Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum)
На поўначы Харкаўскага раёну працягваюцца баі на ўчастку фронту паміж сёламі Глыбокае і Ліпцы.
Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што Збройныя сілы Украіны пачалі адкідаць праціўніка ў Глыбокім.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што ЗСУ, пацягнуўшы рэзервы, адбілі тэрыторыю сельгаспрадпрыемства на паўночных ускрайках сяла.
Праўкраінскі «Говорять Снайпер» адзначае, што цяпер войскі РФ, намагаюцца скарыстацца перавагай у артылерыі і жывой сіле, каб адбіць пазіцыі, але пакуль не маюць поспеху.
У Чугуеўскім раёне баявыя дзеянні ідуць на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ў ягоных ваколіцах. Абодва бакі маюць невялікія прасоўванні, але істотна змяніць сітуацыю ў свой бок пакуль не ўдаецца ніводнаму з праціўнікаў.
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі не менш за 27 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка, Стэльмахаўка, Грэкаўка, Макееўка, Неўскае, Церны і Торскае.
Між тым у Deepstate гавораць, што расейцы прасунуліся ў сяла Пішчанае і каля Макееўкі.
Прарасейскі канал «Два майора» удакладняе, што ў Пішчанае УС РФ зайшлі з паўднёвага ўсходу, перад гэтым прасунуўшыся на ўчастку фронту шырынёй да 5 кіламетраў на глыбіню да 3,25 (з захаду ад лініі населеных пунктаў Табаеўка – Крухмальнае.
Такім чынам расейцы істотна наблізіліся да ракі Аскіл, што ў далейшым, пры захаванні такой дынамікі, пагражае атачэннем плацдарму ЗСУ на левым беразе.
На сівэрскім кірункі – выступ па фронце з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец – Узброеныя сілы РФ атакуюць каля сёлаў Спірнае і Выемка. Канал «Два майора» сцвярджае, што войскі РФ усё ж змаглі заняць першы населены пункт, які раней неаднаразова пераходзіў з рук у рукі.
На краматорскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, ціск расейцаў засяроджаны ў ваколіцах населеных пунктаў Калінаўка, Часаў Яр, Клішчыеўка, Іванаўскае і Андрэеўка.
Па інфармацыі Deepstate, УС РФ прасунуліся каля Калінаўкі і Часавага Яру.
Прарасейскія крыніцы адзначаюць, што такім чынам войскі РФ намагаюцца падцягнуць паўночны фланг кірунку да каналу Сівэрскі Данец – Данбас.
На тарэцкім кірунку атакі Узброеных сілаў РФ лакалізуюцца на ўсходзе аднайменнага гораду, а таксама ў прылеглых населеных пунктах.
У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра захоп пасёлку Чыгары (частка Паўднёвага).
Таксама рух фіксуецца ў Паўночным, дзе пад кантроль войскаў РФ перайшла частка прыватнага сектару і асобныя шматпавярховыя дамы, і на ўсходніх ускрайках Дружбы.
Між тым найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў УС РФ па-ранейшаму лакалізуецца на пакроўскім кірунку, дзе яны рухаюцца на захадзе ад раней занятага гораду Аўдзееўка.
У Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў у сяле Яўгенаўка, каля Лазувацкага і Навасёлаўкі Першай.
Прарасейскі тэлеграм-каналы паведамляюць пра рух каля населеных пунктаў Васход, Яснабродаўка і Карлаўка.
Ніжэй па фронце працягваюцца баі за Краснагораўку: тут расейцы паступова выціскаюць праціўніка з паўночна-заходняй часткі гораду.
Акрамя гэтага на курахаўскім кірунку войскі РФ атакуюць на ўскрайках сяла Канстанцінаўка – пакуль безвынікова.
У Запарожскай вобласці не назіраецца істотных зменаў: тут працягваюцца баі каля сёлаў Вэрбовае і Работына (ваколіцы гораду Арэхаў), але пакуль Сілам абароны Украіны ўдаецца стрымліваць праціўніка.
У Херсонскай вобласці расейцы намагаюцца выбіць ЗСУ з плацдармаў на левым беразе Дняпра і прылеглых астравах, але таксама не маюць поспеху.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10