навіны

Новы брытанскі прэм’ер адмовіўся ад ідэі кансерватараў высылаць мігрантаў у Руанду

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Стармэр заявіў, што «руандыйскі план» быў «мёртвы і пахаваны» яшчэ да пачатку рэалізацыі.

Прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Кір Стармэр 6 ліпеня, у другі дзень на пасадзе, заявіў, што «руандыйскі план» ягоных папярэднікаў быў «мёртвы і пахаваны» яшчэ да пачатку рэалізацыі, піша Бі-Бі-Сі. Як і чаму брытанскія кансерватары наогул збіраліся высылаць мігрантаў за 6500 км?
Ідэя была ў тым, каб мігранты, якія незаконна прыплылі ў Вялікую Брытанію з Францыі і папрасілі прытулку, былі перавезеныя ў Руанду для апрацоўвання іхных заявак і магчымага атрымання прытулку там, а не ў Злучаным Каралеўстве.
Калі заяўку ўхвалілі б, мігрантам абяцалі пастаянны від на жыхарства і жытло ў Руандзе. Меркавалася, што гэтага будзе дастаткова для людзей, якія шукаюць бяспекі, а не выгады. У абмен на гэта Вялікая Брытанія абяцала Руандзе прыняць неназваную колькасць уцекачоў у найбольш уразлівым стане.
Праблема ўзнікла ў 2018 годзе, калі Францыя і Брытанія пачалі больш пільна правяраць «традыцыйныя» нелегальныя шляхі, а «праваднікі» прыдумалі выпраўляць людзей на малых чаўнах праз Ла-Манш (Англійскі канал), нягледзячы на рызыкі. З 2018 года да сярэдзіны чэрвеня 2024-га толькі праз Ла-Манш на малых чаўнах у Вялікую Брытанію прыплылі 126,6 тыс. мігрантаў.
План анансавалі яшчэ тры прэм’еры таму: яго абвясціў Борыс Джонсан. Затым план адстойваў урад мінулага прэм’ера Рышы Сунака, Кансерватыўная партыя якога зазнала разгромную паразу на выбарах. Паводле «TLDR News», Сунак ставіў на гэты план як на ключавы поспех свайго часу на пасадзе прэм’ера. Джонсан і Сунак настойвалі, што «руандыйскі план» мусіць адпудзіць мігрантаў, якія незаконна пераплываюць на малых чаўнах Ла-Манш, і такім чынам уратаваць жыцці.
З гэтым не пагаджаліся нават некаторыя іхныя аднапартыйцы. Супраць плану вяліся справы ў брытанскіх судах і Еўрапейскім судзе правоў чалавека. Апеляцыйны суд Вялікай Брытаніі пастанавіў, што прапанаваная сістэма была б несправядліваю з мноства прычынаў і магла б прывесці да таго, што шукальнікаў прытулку вярталі б у краіны, дзе ім пагражала б жорсткае абыходжанне або смерць. Пасля мноства раўндаў «парламенцкага пінг-понгу» парламент Злучанага Каралеўства ўхваліў акт, які пераадольваў пастановы судоў і абвяшчаў Руанду бяспечнай краінай.
Новы прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства і лідар Лейбарысцкай партыі Кір Стармэр апісаў «руандыйскі план» словам «gimmick». Гэта значыць, навінка для прыцягнення ўвагі без практычнай карысці.
Лейбарысты ў выбарчай кампаніі абяцалі скасаваць схему, што ўжо каштавала Злучанаму Каралеўству 310 млн фунтаў – і гэта пры тым, што ніводнага мігранта ў Руанду паводле плану не выслалі. На кожнага высланага разлічвалі выдаткаваць 20–30 тыс. фунтаў. «Daily Mail» адзначае, што ў Руанду з Вялікай Брытаніі добраахвотна паехалі паводле асобнай схемы толькі некалькі чалавек, якія атрымалі адмову ў прытулку.
Паводле Стармэра, нават калі план быў бы рэалізаваны, ён дазволіў бы дэпартаваць толькі 1 % ад тых, хто нелегальна трапіў у Брытанію на малых чаўнах. Лейбарысты, як расказвае «The Guardian», прапаноўваюць замест гэтага наём следчых і выкарыстанне паўнамоцтваў у барацьбе з тэрарызмам для «разгрому» злачынных груповак, што займаюцца кантрабандаю людзей.
Апошнія дзве асобы, якіх трымалі ў няволі для высылкі паводле «руандыйскага плану», маюць быць вызваленыя найбліжэйшымі днямі. Але скасаванне плану пакідае пытанне аб лёсе 52 тыс. чалавек, пазначаных для дэпартацыі, і іншых, хто нелегальна прыплыў ці прыехаў у Злучанае Каралеўства.
Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10