навіны

Беларуская акторка, якая сыграла палітзняволеную Кацярыну Андрэеву, адчыніла кнігарню ў Вроцлаве

Аляксандра Вайцяховіч у сваёй кнігарні. (Крыніца: Наша Ніва.)
Аляксандра Вайцяховіч у сваёй кнігарні. (Крыніца: Наша Ніва.)
podpis źródła zdjęcia

Акторка таксама малюе паштоўкі і падпісвае іх прыгожымі выразамі.

Беларуская акторка Аляксандра Вайцяховіч, вядомая па ролі палітзняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай у фільме рэжысёркі Мары Тамковіч, нядаўна адчыніла кнігарню ў польскім горадзе Вроцлаве, паведамляе «Наша Ніва».
Аляксандра Вайцяховіч у сваёй кнігарні. (Крыніца: Наша Ніва.)
Аляксандра Вайцяховіч у сваёй кнігарні. (Крыніца: Наша Ніва.)
Аляксандра даўно марыла пра ўласную кнігарню, бо кнігі – адно з самых вялікіх захапленняў беларускі пасля акторства.
Чатыры гады таму Аляксандра з мужам і сынамі пераехалі ў Вроцлаў. У нейкі момант жанчына звярнула ўвагу на то, як цяжка знайсці дзецям кніжку на расейскай мове, а беларускамоўныя кнігі набыць яшчэ больш складана. А попыт на іх вялікі, бо ў Польшчы шмат і беларусаў, і ўкраінцаў, і расейцаў.
Спачатку Аляксандра думала зрабіць беларускі куток у Вроцлаве – каб беларусам было дзе сабрацца разам, правесці нейкае мерапрыемства, набыць беларускія кнігі. Але грошай на рэалізацыю не было. Але раптам беларуска знайшла ідэальнае памяшканне для гэтай мэты – на вуліцы Тэатральнай, насупраць лялечнага тэатру. Жанчына паведаміла ў Інстаграме, што збірае данаты на першы ўнёсак – так званую каўцыю (заклад). У яе атрымалася сабраць неабходную суму.


,,

«На ўсіх астатніх этапах мне дапамог муж. Таму што каўцыя – гэта, вядома, кропля ў моры. Трэба было закупляць кнігі, прадумваць дызайн, набываць мэблю», – распавядае акторка.


Кнігарню Аляксандра назвала «NookBook». Назва невыпадковая: у актрысы ёсць кінашкола «Nook» (у перакладзе гэта «утульны куток»), таму яна вырашыла развіваць брэнд далей.
«Я нічога не ведала пра тое, як гандляваць кнігамі, таму трэба было шмат чаго вывучыць. Таксама мы хацелі, каб у кнігарні была кава – прыйшлося разбірацца з санітарнымі нормамі. Але ўсё атрымалася», – кажа беларуска.
Ад пачатку працы над ідэяй да адкрыцця кнігарні не прайшло і месяца. Крама ўжо паўтара тыдні працуе. У ёй ёсць палічка з кнігамі на беларускай мове.


,,

«Бачу попыт на класіку беларускай літаратуры (я яе таксама вельмі люблю), але, на жаль, прывезці яе даволі складана. Звычайна выдавецтвы прапаноўваюць або сучасных беларускіх аўтараў, або творы замежных пісьменнікаў, перакладзеныя на беларускую. Пакуль што сярод беларускамоўных кніг больш за ўсё твораў сучасных аўтараў для дзетак», – зазначае акторка.


Аляксандра прыдумала цікавы сэрвіс – арэнду кніг. Гэта прапанова для тых, хто ўвесь час на чамаданах і не хоча абрастаць мноствам рэчаў. Акрамя таго, беларуска пачала маляваць паштоўкі і падпісваць іх прыгожымі выразамі. Таксама ў «NookBook» можна набыць хэндмэйд-вырабы беларускіх майстроў.
Плануецца, што на базе кнігарні будуць праходзіць розныя мерапрыемствы, пачне працаваць кніжны клуб, сябры якога будуць абмяркоўваць прачытанае.
«Усё адбываецца так, як я марыла. Заходзяць людзі з вуліцы, мы шмат размаўляем з імі. Часта палякі ва ўзросце расказваюць, што іхныя бабулі і дзядулі таксама з Беларусі. Мне падабаецца слухаць чужыя гісторыі», – рэзюмуе Аляксандра.
Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10