Сям'я. Як клан Лукашэнкаў ператварыў Беларусь ва ўласны бізнес
10.07.2024, 07:00
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: TUT.by / AP / East News)
podpis źródła zdjęcia
Хоць Лукашэнка і заяўляе, што 30 гадоў змагаецца з карупцыяй, менавіта ягоная сям’я і ёсць галоўным карупцыянерам.
Хоць Аляксандр Лукашэнка і заяўляе, што 30 гадоў змагаецца з карупцыяй, менавіта сям’я самаабвешчанага кіраўніка Беларусі і ёсць галоўным карупцыянерам у краіне. Згадалі, як развіваліся кар’еры чальцоў клану Лукашэнкі, якія нават не маюць для гэтага адпаведнага досведу.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: TUT.by / AP / East News)
На момант прыходу да ўлады ў 1994 годзе ў Аляксандра Лукашэнкі, які ажаніўся ў 1975 годзе, было двое сыноў: Віктар і Дзмітрый. Цяпер у яго трое сыноў і сямёра ўнукаў. Але ў шырокую сям’ю самаабвешчанага кіраўніка Беларусі ўваходзіць нашмат больш людзей. І для ўсіх іх стараюцца знайсці месца пад беларускім сонцам.
Старэйшы сын Віктар Лукашэнка адразу па сканчэнні факультэту міжнародных стасункаў БДУ пачаў працаваць у аддзеле Заходняй Еўропы Міністэрства замежных справаў. У веку 28 гадоў ён узначаліў аддзел вонкаваэканамічных сувязяў дзяржаўнага УП «НДІ сродкаў аўтаматызацыі», а ў 2005 годзе заняў пасаду памочніка свайго бацькі ў пытаннях нацыянальнай бяспекі. З 2007 да 2021 года ён уваходзіў у Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь, а ў 2019-м зрабіўся першым віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, які ўзначаліў замест бацькі ў 2021-м. Пасля гэтага яму было нададзенае вайсковае званне генерал-маёра запасу.
Віктар адказвае і за сілавікоў, кіруючы Міжведамасным саветам спецыяльных падраздзяленняў, куды ўваходзяць Служба бяспекі прэзідэнта, АСАМ (памежны спецназ), «Алмаз», САХР (СОБР). Да ядра дадаваліся: спецпрызначэнцы з Мар’інай Горкі, асобныя роты, раскіданыя па абласных цэнтрах, і аператыўнікі Аператыўна-аналітычнага цэнтру (ААЦ). Агулам не менш за 2000 вайскоўцаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: TUT.by / AP / East News)
Ёсць звесткі пра сувязі Віктара з беларускім бізнесоўцам Аляксандрам Зайцавым – старшынём савету дырэктараў кампаніі «Брэміна груп», для якой была створаная асаблівая эканамічная зона ў Воршы ў 2018 годзе. Таксама сярод ягоных сяброў – сын расейскага генпракурора Арцём Чайка. Курыруе ён і стасункі рэжыму з арабскімі краінамі. З ім жа звязваюць кампанію «beCloud», якую прызначылі новым адміністратарам беларускага інтэрнэту.
Жонка Віктара Лілія, падобна, адказвала ў сям’і за бізнес з сербскімі забудоўнікамі – братамі Карычамі. Станам на 2017 год яна працавала ў адной з кампаніяў сербскага холдынгу «Дана Астра», а затым узначаліла галерэю «Арт Хаос» у «Dana Mall», што раней належала «Dana Holdings» і мела статутны фонд памерам цэлых $ 200 тыс., тады як звычайна для такіх кампаніяў ён складае пару тысячаў рублёў. У 2013 годзе нявестка кіраўніка Беларусі дапамагала папаўняць працамі беларускіх мастакоў калекцыю арабскага бізнесоўца Халеда Самаўі, заснавальніка «Вэлкому».
Агулам толькі з 2003 да 2020 года сям’я Віктара і Ліліі здзейсніла больш як 100 пералётаў на курорты, дзе кампанію ім складалі айчынныя і замежныя «гаманцы» рэжыму ды блізкія паплечнікі сям’і, а таксама нядаўна прызначаныя топ-чыноўнікі і сілавікі Беларусі. Ляталі з імі і сваякі Ліліі: маці Галіна Сомава ды сястра Іна Гарусава з мужам-чэкістам Аляксандрам, сынамі Кірылам і Уладзіславам.
У Віктара і Ліліі чацвёра дзяцей: Вікторыя, Аляксандр, Валерыя і Яраслаў. З удзелам дзевяцігадовай Вікторыі «Беларусьфільм» у 2007 годзе зняў цэлы фільм «На спіне ў чорнага ката», куды прыпісалі расейскага спевака Філіпа Кіркорова, які ў той год быў прадзюсарам беларуса Дзмітрыя Калдуна на «Еўрабачанні». Там жа здымалася і Вера Палякова, жонка Уладзіміра Макея, які на той момант, як і Віктар, працаваў памочнікам Лукашэнкі, а пасля быў прызначаны кіраваць усёй Адміністрацыяй. Улетку 2021 года Вікторыя выйшла замуж, з гэтай нагоды ў «Лебядзіным» была арганізаваная «п’янка на 400 гасцей».
Сярэдні сын самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Дзмітрый Лукашэнка – старшыня цэнтральнага савету Беларускага рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага абʼяднання «Прэзідэнцкі спартовы клуб». Арганізацыю ён узначаліў яшчэ ў 2005 годзе, калі яму было толькі 25 гадоў. З 2006 года Дзмітрый таксама ўваходзіў у склад НАК Беларусі. Прэзідэнцкі спартовы клуб арганізуе ў Беларусі латарэі, апякуецца рэстаранным бізнесам, даючы яму «стабільнасць», і, як мяркуецца, дапамагае адмываць грошы ад хабараў. Таксама, як выявілася, Дзмітрый ёсць ганаровым консулам Эфіопіі ў Беларусі, то бок у тым ліку адказвае за кантакты з афрыканскімі рэжымамі.
Дзмітрыя звязвалі раней і з нафтавым баронам Беларусі Анатолем Тарнаўскім. Ягоныя структуры і Прэзідэнцкі спартовы клуб разам мусілі рэалізоўваюць праект забудовы жылога раёну «Нотынгем» каля Калодзішчаў. А жонка Дзмітрыя Ганна працавала ў адной з кампаніяў Тарнаўскага – «Юнівест-М». Велізарны надзел дэфіцытнай прысталічнай зямлі пад забудову яны атрымалі праз адмысловы ўказ Лукашэнкі.
Сёння Ганна Лукашэнка найбольш вядомая тым, што піша песні пад псеўданімам Ганна Сялук. Сярод ейных «хітоў», якія круцяць на беларускім радыё і тэлебачанні: «Ах, Аляксандр» (відавочна, прысвечаны цесцю), «Беларусская жена», «Бульба-дэнс», «Цените настоящего мужчину», гімн Генеральнай пракуратуры і песня пра Год якасці. У снежні 2023 года Лукашэнка ўзнагародзіў Ганну прэміяй «за вялікі асабісты ўклад у развіццё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю сацыяльна значных культурных ініцыятываў». А сёлета яна атрымала прэмію «Шансон года – 2024» ад расейскай радыёстанцыі «Шансон», заснаванай сябрам Лукашэнкі, алігархам Міхаілам Гуцэрыевым.
Ганна Лукашэнка як мінімум у 2018 і ў 2020 гадах працавала ў «Гандлёвым доме БелАЗ», дзяржаўным манапольным дылеры жодзінскай тэхнікі ў Расеі. Яго сузаснавальнік – ужо вядомы Прэзідэнцкі спартовы клуб. Прадукцыю ён рэалізоўвае праз прыватныя кампаніі жонак сваіх менеджараў, звязаных з Ганнай. Прыбыткі гэтых кампаніяў параўнальныя з прыбыткам самога БелАЗу. З 2017 года іх уладальнікі выплацілі сабе каля $ 100 млн дывідэндаў.
У пары трое дачок: Анастасія, Дар’я і Аляксандра.
Сястра Ганны Таццяна Кулакова займае кіроўную пасаду ў маладой медыякампаніі, якая выпускае праграму для беларускага тэлебачання на дзяржаўную замову. Ейны муж Аляксей Кулакоў валодае некалькімі бізнесамі і ўзначальвае Клуб тэнісу, што ўваходзіць у структуру Прэзідэнцкага спартовага клубу. Кулакоў жа пры гэтым ёсць і саўладальнікам сталічнага рэстарану «Fabriq».
У верасні 2024 года прыватная фірма «Музычная частата», якой належаць станцыя «Супер FM» і радыё «Душевное», збіраецца адкрыць трансляцыю новай хвалі радыё «Шансон». 21 % кампаніі належаць Рэспубліканскаму культурна-асветніцкаму цэнтру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі (канцэртавая зала «Менск»), а 49 % – Музычнай медыякампаніі, у кіраўніцтве якой – усё тая ж Таццяна Кулакова.
У сваю чаргу, Музычная медыякампанія належыць Палацу рэспублікі Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі (30 %) і прыватнай кампаніі «АНСЛ прадакшн» (70 %), кіруе якой адзін з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі – Андрэй Урублеўскі (95 %). Журналісты дапускаюць, што Урублеўскі выконвае ў «АНСЛ прадакшн» функцыю намінальнага ўладальніка, сапраўдным жа ўладальнікам можа быць менавіта Ганна Лукашэнка, пра што ўскосна сведчыць абрэвіятура АНСЛ у назве кампаніі (АН – Анна па-расейску, С – Сяргееўна, Л – Лукашэнка).
Са сваёй жонкай Галінай, маці Віктара і Дзмітрыя, Лукашэнка не жыве ці не ўсе гады свайго прэзідэнцтва. Ён мае палюбоўніц і пазашлюбнага сына. Тым не менш яшчэ станам на 2020 год яны афіцыйна лічыліся жанатымі. Сама Галіна, як паказваюць расследаванні, актыўна карыстаецца магчымасцямі карупцыйнай дзейнасці свайго мужа і дзяцей, у тым ліку рэгулярна лятае з імі на адпачынак за мяжу.
Малодшага сына Лукашэнкі Мікалая нарадзіла ў 2004 годзе лекарка кіраўніка дзяржавы Ірына Абельская. На публічных падзеях разам з бацькам Мікалай пачаў з’яўляцца, калі яму не было яшчэ і чатырох гадоў. Ён удзельнічаў у суботніках і наведваў падшэфныя арганізацыі, сустракаўся з замежнымі лідарамі, удзельнічаў у паседжанні Генеральнай асамблеі ААН. Яны разам прыходзілі на месца тэракту ў менскім метро ў 2011-м і бегалі са зброяй у 2020-м, наведвалі палітвязняў у СІЗА КДБ. Ва ўзламаных хакерамі дакументах фігуруюць чатыры пашпарты Мікалая.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: TUT.by / AP / East News)
Адначасова з навучаннем Мікалая ў Беларусі змянялася школьная праграма. Аднак Мікалаю падчас пратэстаў давялося забраць дакументы з Ліцэю БДУ і перапаступіць у гімназію, што належыць ягонай маці. Малодшы сын кіраўніка Беларусі пачаў афіцыйна вучыцца на біяфаку БДУ. Там пад яго стварылі адмысловую спецыяльнасць і сабралі правераную групу, абнавілі памяшканні, праграмы і дапаможнікі. Кастынг выкладчыкаў праводзілі асабіста міністр адукацыі і маці Мікалая. Тэма ягонай першай навуковай публікацыі, напісанай Мікалаем у суаўтарстве з прафесарамі, дзіўным чынам супала з тым, што пасля ў космасе даследавала беларуская касмічная турыстка Марына Васілеўская. Тым не менш, паводле кітайскіх звестак, вучыцца цяпер Мікалай не на радзіме, дзе сферу адукацыі 30 гадоў «ператрахвае» ягоны бацька, а ў Кітаі. Падобна, што праблемаў з атрыманнем апастылю ў яго не было.
Маці пазашлюбнага сына Лукашэнкі Ірына Абельская з 2001 года (з перапынкам у 2007–2009 гадах) узначальвае Рэспубліканскі клінічны медычны цэнтр Кіраўніцтва справамі самаабвешчанага кіраўніка Беларусі. Жанчына таксама ёсць заснавальніцаю прыватнай Менскай міжнароднай гімназіі, дзе вучацца дзеці ледзь не ўсёй лукашэнкаўскай гэтак званай эліты, у тым ліку чальцы сям’і. Што праўда, калі Абельская была на дзяржаўнай службе, то не мела права адначасова адкрываць прыватны бізнес. Зямля пад установу была аддадзеная падкантрольнай Гуцэрыеву кампаніі «СертусАвія», а зарэгістраваная яна на кіпрскую афшорную кампанію – «Блатберг Холдынгс Лімітэд». Права гаспадарчага вядзення – у заснаванай афшорам «СертусАвіі».
Будынак гімназіі збудавалі за два гады, атрымаўшы ад уладаў эксклюзіўныя магчымасці і беспрэцэдэнтныя прывілеі. Толькі з 2020 да 2022 года навучальная ўстанова атрымала з бюджэтных сродкаў тэхніку для вучобы больш чым на $ 100 тысячаў: ноўтбукі, музычныя цэнтры, капіявальныя машыны. На дадатак, дзяржава кампенсавала гімназіі харчаванне вучняў на $ 1,5 тысячы долараў штомесяц. А ў 2022 годзе з кішэняў падаткаплатнікаў дасталі яшчэ $ 40 тысячаў на прыбіранне тэрыторыі і карпусоў. І гэта пры тым, што навучанне там аднаму вучню абыходзіцца ў 1100 рублёў за месяц. На сённяшні дзень гімназія Абельскай – адна з нешматлікіх прыватных установаў сярэдняй адукацыі, якой дазволена працаваць у Беларусі.
Сама чыноўніца ўсё больш актыўна ўдзельнічае і ў палітычным жыцці краіны. Сёлета яна падарыла Зімбабвэ высокатэхналагічную мабільную клініку і правяла зачыстку кіраўніцтва ў Больніцы хуткай медычнай дапамогі ў Віцебску. З 2024 года Абельская таксама ўваходзіць у Савет Рэспублікі.
З таго моманту, як Абельская пачала працаваць галоўнай лекаркай Рэспубліканскага медцэнтру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, справы ўгору пайшлі і ў ейнай маці – Людмілы Пастаялкі. У кастрычніку 2001 года яна зрабілася першаю намесніцаю міністра аховы здароўя, а ўжо ў ліпені наступнага года ўзначаліла міністэрства. У 2003 годзе ёй надалі званне «Заслужаны лекар», затым абралі старшынёй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і зрабілі чальцом Савету Рэспублікі, дзе яна з 2005 года і да сваёй смерці ў 2007-м узначальвала Пастаянную камісію ў пытаннях дэмаграфічнай бяспекі і сацыяльнага развіцця.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: TUT.by / AP / East News)
Апроч маці, бонусы ад сям’і атрымлівае і меркаваная дзяўчына Мікалая Лукашэнкі. Паводле непацверджаных звестак, гэта студэнтка юрфаку БДУ Паліна Жогла, якая ў снежні 2023 года лятала разам з кіраўніком краіны на кліматычны саміт у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Раней яна атрымала статус дублёра аднаго з моладзевых паслоў Мэтаў устойлівага развіцця.
Належыць да сям’і і старэйшы сын Ірыны Абельскай ад ейнага мужа – Дзмітрый, які ў 2020 годзе скардзіўся ў міліцыю на нацыянальныя сцягі ў ЖК «Каскад» у Менску. Ён працуе афтальмолагам у прыватнай клініцы «Voka» ў Менску. Хоць сам Лукашэнка кажа, што «прыватнага наеўся», бо там «кожны хоча зарабіць на здароўі людзей». У прыватных медцэнтрах «Нардын» і «ШайнЭст» у Менску працуе і дзяўчына Дзмітрыя Дына Эль-Дыефі Фэйсал. Сёлета яна лятала ў Зімбабвэ разам з Ірынай Абельскай і бізнесоўцам Аляксандрам Зінгманам.
Апроч значных і ўплывовых пасадаў, дзяржаўных фінансаў і разнастайных прывілеяў, сям’я Лукашэнкі карыстаецца ў Беларусі рознымі матэрыяльнымі дабротамі. Гэтак, толькі ў распараджэнні Лукашэнкі ёсць сама меней 18 рэзідэнцыяў. Сярод іх – Палац незалежнасці ў Менску, сядзіба ў Драздах, што раскінулася на 20 гектарах, рэзідэнцыя «Азёрны» ў Астрашыцкім Гарадку – яшчэ 90 гектараў раскошы. Рэзідэнцыя «Усход» на беразе Заслаўскага вадасховішча з прычалам, тэніснымі кортамі і крыягеннымі пакоямі ды інш.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: TUT.by / AP / East News)
Любіць Лукашэнка і тэхніку. У ягоны аўтапарк уваходзяць «Mercedes-Maybach Pullman Guard» коштам ад € 690 тысяч, «Maybach 62» (ад € 367 тысяч), «Mercedes S W221» (ад € 160 тысяч), «Audi A8 II» (ад € 85 тысяч), «Mercedes GL» (ад € 64 тысяч). Таксама ён карыстаўся такімі машынамі, як «Rolls-Royce Phantom Coupe» коштам ад € 170 тысячаў. Бачылі ў Лукашэнкі і аўтамабілі «Tesla», «Audi A8 III», «Geely Emgrand EV» ды іншыя транспартныя сродкі.
У 2020 годзе ў кіраўніка Беларусі з’явіўся новы самалёт – прыватны бізнес-джэт «Gulfstream G550», які каштуе больш за $ 60 млн. Раней паведамлялася, што ў авіяцыйным парку Лукашэнкі было тры самалёты: амерыканскі «Boeing 737-800/BBJ2» (EW-001PA), канадскі «Bombardier Challenger 850» (EW-301PJ), Як-40 (EW-88187), – а таксама верталёт Мі-8 (EW-25049). У 2018 годзе Ту-154M, які раней выконваў ролю борту № 1, быў выстаўлены на продаж за $ 2 млн.
Шмат маёмасці ёсць і ў іншых чальцоў сям’і. Але гэта ўжо нагода для іншага матэрыялу.