навіны

Беларускія стадыёны небяспечныя для футбалістаў

Стадыён у САК «Алімпійскі». (Фота: olimpiysky.by)
Стадыён у САК «Алімпійскі». (Фота: olimpiysky.by)
podpis źródła zdjęcia

Абаронца ФК «Нёман» Андрэй Васільеў на хуткасці ударыўся галавой у металічную агароджу.

У траўні мы пісалі, як гулец ФК «Менск» Сяргей Пянчук атрымаў сур’ёзную траўму, калі пад час гульні чэмпіянату Беларусі ўдарыўся галавой аб металічную агароджу САК «Алімпійскі». Але ніякія высновы пасля гэтага не былі зроблены. І вось зноў падобны выпадак.
Стадыён у САК «Алімпійскі». (Фота: olimpiysky.by)
Стадыён у САК «Алімпійскі». (Фота: olimpiysky.by)
У рамках 15 тура чэмпіянату Беларусі сярод каманд элітнага дывізіёну 7 ліпеня ФК «Менск» прымае на поле САК «Алімпійскі» гарадзенскі «Нёман». І вось 22-гадовы паўабаронца ФК «Менск» Кірыл Забелін каля ўласнай брамы штурхае 32-гадова абаронцу гасцей Андрэя Васільева. Расейскі легіянер «Нёмана» вылетае з поля і на хуткасці галавой удараецца ў металічную агароджу САК «Алімпійскі».
Гульцу пашчасціла, што ён гуляў у адмысловым шлеме. Па іроніі лёсу два гады таму ў рамках таго ж 15-тура чэмпіянату Беларусі «Нёман» гуляў у Віцебску, і пасля сутыкнення з гульцом гаспадароў Русланам Цеверавым Васільеў аказаўся ў рэанімацыі, футбаліст атрымаў сурʼёзную чэрапа мазгавую траўму, яму была зроблена тэрміновая аперацыя. З таго часу гулец выступае ў спецыяльным шлеме, які цяпер выратаваў футбалісту здароўе, а магчыма і жыццё.
Сама гульня скончылася перамогай «Нёмана» з лікам – 2:0.
Нагадаем, што 3 траўня, у рамках сёмага тура чэмпіянату Беларусі па футболе, ФК «Менск» прымаў на поле САК «Алімпійскі» жодзінскае «Тарпеда-БеЛАЗ». І ў самым дэбюце гульні гулец гасцей Дзяніс Лявіцкі штурхнуў 23-гадовага нападніка гаспадароў Сямёна Пяньчука ў спіну, і гулец «Менску» на высокай хуткасці ўляцеў у металічную агароджу, якая знаходзіцца ўсяго за 1,5 метра ад краю поля.
Пяньчук гульню працягнуць не змог і пакінуў газон на насілках. З тых часоў Пянчук на поле больш не выходзіў. У гэтай сітуацыі звернем увагу на некалькі момантаў: клуб-арганізатар гульняў разам з адміністрацыяй стадыёна абавязаны забяспечыць бяспеку гледачоў і ўдзельнікаў матчаў. Адлегласць у паўтара метра ад краю поля да металічнага плота не выглядае бяспечным, але нікога гэта не спыніла. Але бачым, што з мінулага раза нічога зроблена не было.
Гэта не першы выпадак, калі праз дзеянні арганізатараў матчаў ствараецца рэальная пагроза здароўю ўдзельнікаў, і падобнае адбываецца не толькі на САК «Алімпійскі» у сталіцы. У лістападзе мінулага года перад матчам вышэйшай лігі «Смаргонь» – «Дынама» (Берасце) на поле стадыёне «Юнацтва» выехала спецтэхніка, якая багата пасыпала газон пяском і соллю. Праз гэта і нізкую тэмпературу поле ператварылася ў каток і было не прыдатнае для гульні ў футбол, тым не менш было прынята рашэнне праводзіць гульню. У выніку гэта прывяло да трагедыі: гулец моладзевай зборнай Беларусі і берасцейскага «Дынама» Ілля Багдановіч парваў меніскі і крыжападобныя звязкі і да гэтага часу цалкам не аднавіўся, і ў гэтым сезоне на поле не выхадзіў.
Алесь Ляўчук belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10