Полк Каліноўскага шукае камандзіра? Цяпер там «выканаўца абавязкаў»
07.07.2024, 19:48
Павел Шурмей у інтэрв’ю online.ua. (Скрыншот: «Белсат»)
podpis źródła zdjęcia
Полк Каліноўскага афіцыйна пра змены не паведамляў.
Былы спартсмен Павел Шурмей (пазыўны «Дзядзька») стаў выканаўцам абавязкаў камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага, вынікае з яго інтэрв’ю online.ua, заўважыў «Позірк».
Павел Шурмей у інтэрв’ю online.ua. (Скрыншот: «Белсат»)
Відэа ў Паўлам Шурмеем падпісанае наступным чынам: «Судьба Беларуси решается в Украине – Павел “Дзядзька” Шурмей, и.о. командира Полка Калиновского». Ён таксама называе сваю пасаду на пачатку відэа.
Раней пасаду камандзіра займаў Дзяніс Прохараў («Кіт»). Полк Каліноўскага афіцыйна пра змены не паведамляў.
47-гадовы Шурмей – прафесійны беларускі вясляр, удзельнік дзвюх Алімпіяд у складзе зборнай Беларусі па акадэмічным веславанні.
Калі пачалася поўнамаштабная агрэсія Расеі супраць Украіны, Павел Шурмей быў у ЗША. Адтуль ён прыехаў у Польшчу і амаль адразу ва Украіну, дзе далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў. Ён быў паранены і ўзнагароджаны медалём БНР за адвагу.
У Шурмея ёсць жонка – украінская вяслярка Алена Бурак.
У Беларусі супраць яго заведзеная крымінальная справа.
UPD. Прэс-служба Палка Каліноўскага не пацвердзіла і не абвергла гэтую інфармацыю «Белсату». Там кажуць, што «гэта не значная турбулентнасць пакуль не вартая навіны» і «гаварыць можна, што заўгодна». Пры гэтым прэс-служба адзначае, што з «Дзянісам таксама ўсё складана».