З’явілася відэа расстрэлу ўкраінскіх ваеннапалонных расейскімі вайскоўцамі
10.07.2024, 20:49
Расейскія вайскоўцы. (Крыніца: udf.name)
podpis źródła zdjęcia
Гэта не першы выпадак расстрэлу ўкраінскіх ваеннапалонных расейскімі захопнікамі.
10 ліпеня ў сеціве з’явілася відэа, як паведамляецца, расстрэлу вайскоўцамі арміі Расеі двух украінскіх абаронцаў, узятых у палон. Як адзначае УНІАН, забойства адбылося ў раёне населенага пункта Рабоціна Запарожскай вобласці.
Расейскія вайскоўцы. (Крыніца: udf.name)
Папярэдне на кадрах зафіксаваныя расейскія вайскоўцы са складу 70-га мотастралковага палка.
Офіс Генеральнага пракурора Украіны паведаміў аб адкрыцці вытворчасці паводле факту расстрэлу ўкраінскіх ваеннапалонных.
«Краіна-тэрарыст Расея працягвае дэманстраваць поўнае грэбаванне законам і базавай чалавечай мараллю. Яшчэ адзін доказ гэтага – відэа забойства расейскімі вайскоўцамі двух палонных украінскіх байцоў. На запісе выразна бачна, што абаронцы Украіны склалі зброю і не аказвалі ніякага супраціву. Акупанты ж цынічна расстрэльваюць бяззбройных людзей», – паведаміў Генпракурор Андрэй Косцін.
Паводле яго, злачынства адбылося ў чэрвені паблізу населенага пункта Рабоціна Запарожскай вобласці.
«Мы ведаем, што гэта не выпадковасць. Гэта наўмысная палітыка злачыннага рэжыму крамля па знішчэнні ўсяго ўкраінскага. Знойдзем і пакараем усіх, хто мае дачыненне: як тых, хто аддаў гэты злачынны загад, так і непасрэдных выканаўцаў гэтага жорсткага злачынства», – дадаў Косцін.
Гэта не першы выпадак расстрэлу ўкраінскіх ваеннапалонных расейскімі захопнікамі. Гэтак, у лютым зʼявіліся падобныя відэа забойства ў раёне Аўдзееўкі і Бахмута, у красавіку – у раёне Крынак Херсонскай вобласці.