
навіны
«Экстрэмізм» ад рэдактара газеты Мазырскага НПЗ і ад 8 гадоў за данат. Рэпрэсіі 11 ліпеня

podpis źródła zdjęcia
Лекару ЛАДЭ пагражае ад 8 да 12 гадоў зняволення за данат, а на Мазырскім НПЗ сілавікі выявілі «здраду» – галоўная рэдактарка газеты прадпрыемства пакараная нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Пра гэтыя і іншыя парушэнні правоў людзей у Беларусі ў штодзённым аглядзе.

За данат «Палку Каліноўскага» затрымалі мужчыну. Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што ў дачыненні да яго распачата крымінальная справа, а данат быў зроблены ў 2022 годзе.
У Менску распачаўся масавы суд за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Судзяць адразу пяць жыхароў Менску: Ігара Дубоўскага, Сяргея Марушына, Леаніда Ціхановіча, Максіма Марцінчыка, Іллю Назарава. Усіх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Справу разглядае Алена Капцэвіч, на рахунку якой з 2020 года не меней за 39 прысудаў па палітычна матываваных крымінальных справах, падкрэсліваюць праваабаронцы «Вясны».
Палітвязня Дзмітрыя Загалаўца судзяць паўторна. Летась яго пакаралі трыма з паловай гадамі калоніі нібыта за абразу Аляксандра Лукашэнкі, абразу прадстаўніка ўлады, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання. Цяпер яго зноў судзяць за данаты.
Раней дзяржабвінавачванне казала, што ён нібыта «агітаваў людзей выходзіць на барыкады, пускаць цягнікі пад адхоны, і ладзіць фізічныя расправы над сілавікамі». Дзмітрыя затрымалі 20 студзеня 2023 года.
У Мазыры за «распаўсюд экстрэмізму» пакаралі галоўную рэдактарку заводскай газеты «Мозырский нефтепереработчик» Святлану Богуш і спецыяліста нафтаперапрацоўчага заводу Валерыя Бойшу. Паводле інфармацыі, атрыманай гомельскімі праваабаронцамі, іх затрымалі 10 ліпеня. Абодвух судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Гэта адміністрацыйнае «правапарушэнне». Прысуд, які вынесла суддзя Святлана Буйнавец, праваабаронцы высвятляюць.
Беларуса затрымалі за тое, што назваў супрацоўніка ДАІ «чык-чырыкам». Відэа з гэтым момантам мужчына выклаў у свой TikTok-акаўнт. Сілавікі прымусілі яго прасіць прабачэння і казаць, што ён «любіць уладу і радзіму». У сацсетках затрыманы падпісаны як Максім Шкляеў.
Лекара медцэнтру ЛАДЭ, анестэзіёлага-рэаніматолага Цімура Лазко судзяць нібыта за фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці. Мужчыну вінавацяць у тым, што ён данаціў праекту «NEXTA». 4 ліпеня распачаўся суд. Лекару пагражае ад 8 да 12 гадоў зняволення. Наступнае пасяджэнне прызначана 5 жніўня. Справу разглядае Аляксандр Семянчук.
Цімура Лазко затрымалі ў лютым 2024 года. У праўладных тэлеграм-каналах з ім з’явіліся відэа затрымання, на якім бачна, як з дзясятак сілавікоў у поўным абмундзіраванні са шчытамі і зброяй урываюцца ў дом мужчыны. Лекар з заведзенымі за спіну рукамі распавядае, што ў яго знайшлі падпіскі на «NEXTA»і што ён данаціў тэлеграм-каналу. У красавіку 2022 года «NEXTA» быў прызнаны Вярхоўным судом «тэрарыстычнай арганізацыяй».
Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк прывезлі на псіхолага-псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі з Гомельскага СІЗА. Гэта ўжо чацвёртая падобная «экспертыза».
«Чарговы страшны этап для Паліны, які можа зацягнуцца на 2-3 тыдні. А пазней, такі ж пякельны этап у зваротным накірунку. Няма словаў. Гэта проста катаванне і здзек над жанчынай. Гэта чарговы «акт гуманізму» звар’яцелага дыктатара», – выказаўся пра гэта муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.
У Віцебску ліквідавалі грамадскае абʼяднанне «Беларуская федэрацыя спорту чанбара». Арганізацыя зарэгістраваная ў верасні 2016 года ў Віцебску.
«БелТА» тады пісала, што «мэта дзейнасці федэрацыі – абʼяднанне намаганняў яго членаў для ўдасканалення і далейшага развіцця спорту чанбара ў Беларусі, яго папулярызацыя сярод насельніцтва».
Гэты від спорту быў створаны ў Японіі ў 1973 годзе на аснове самурайскага паядынку на мячах. У Японіі чанбара – афіцыйны від спорту.
Арсен Рудэнка belsat.eu