навіны

У ШІЗА будуць адпраўляць на 15 содняў, а за «хімікамі» сачыць онлайн

Жаночая калонія. (Фота: Наталля Прыгодзіч / imenamag.by)
Жаночая калонія. (Фота: Наталля Прыгодзіч / imenamag.by)
podpis źródła zdjęcia
У Беларусі мяняюць правілы для людзей, асуджаных паводле крымінальных артыкулаў. У ШІЗА змогуць адпраўляць на 15 содняў замест дзесяці, а за «хімікамі» будуць сачыць онлайн. Гэта прапісана ў законе «Аб змяненні кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці», які набывае моц 12 ліпеня.
Жаночая калонія. (Фота: Наталля Прыгодзіч / imenamag.by)
Жаночая калонія. (Фота: Наталля Прыгодзіч / imenamag.by)
Для асуджаных да пазбаўлення волі будуць прадугледжаныя дзве рэчавыя перадачы на год (раней была адна). Туды можна пакласці абутак, адзенне і прамысловыя тавары, калі гэта не харчы ці цыгарэты. Акрамя таго, будзе дазволена перадаваць замест пасылак, перадачаў, бандэроляў або дробных пакетаў прадукты, набытыя сваякамі ў крамах месцаў пазбаўлення волі. Іншыя людзі змогуць купляць зняволенаму харчы з дазволу начальніка гэтых месцаў.
Яшчэ адно новаўвядзенне – «кароткатэрміновае спатканне можна замяніць тэлефоннай размовай з выкарыстаннем сістэмаў відэасувязі працягласцю да шасцідзесяці хвілінаў». А за працяглыя спатканні трэба будзе плаціць. Мінфін вызначае кошт за памяшканні, у якіх праходзяць працяглыя спатканні.
Апрача таго, павялічваюць тэрмін змяшчэння ў ШІЗА з 10 да 15 содняў.
За тымі, хто пакараны «хіміяй» і ўтрымліваецца ў папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ), будуць больш пільна сачыць. Супрацоўнікам ПУАТ дазволяць выкарыстоўваць «аўдыявізуальныя, электронныя і іншыя тэхнічныя сродкі нагляду і кантролю для папярэджання здзяйснення адміністратыўных правапарушэнняў і злачынстваў, парушэнняў вызначанага парадку адбыцця пакарання, а таксама для атрымання неабходнай інфармацыі аб паводзінах асуджаных».
Людзям будуць даваць распісацца, што яны паінфармаваныя пра гэта, аднак у дакуменце гаворыцца, што «адмова ад дачы асуджаным такой распіскі не перашкаджае выкарыстанню гэтых сродкаў».
За парушэнне ж парадку ПУАТ «дысцыплінарная ізаляцыя» можа цягнуцца да 15 содняў (раней было да дзесяці).
Паводле новаўвядзенняў, арыштаваных будуць адпраўляць адбываць пакаранне па ўсёй Беларусі, а не ў месца, найбліжэйшае да месца жыхарства чалавека.
Пасля выхаду з-за кратаў людзей пад прэвентыўным наглядам могуць прымусова адправіць на працу. Прэвентыўны нагляд можа прызначыць суд пасля вызвалення чалавека. Звычайна прэвентыўны нагляд ужываюць да тых, каго суд палічыў небяспечным рэцыдывістам ці тых, хто быў асуджаны паводле цяжкіх або асабліва цяжкіх справаў.
Для чалавека пад прэвентыўным наглядам можа быць вызначаны шэраг абмежаванняў. Напрыклад, абмежаванне наведваць якія-небудзь месцы, забарона на выезд і нават свабоднае перамяшчэнне па краіне, абавязак паведамляць пэўныя звесткі і іншае. З 12 ліпеня суд можа прымусіць чалавека пайсці на працу або вучобу, каб той быў «занятым».
Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10