навіны

FBI знішчыла расейскую ботаферму ў «Twitter», якую курыравала ФСБ

Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Канфіскавалі два даменныя імёны і даследавалі 968 акаўнтаў у Twitter.

FBI раскрыла ў Х (былы Twitter) расейскую ферму ботаў, якая распаўсюджвала фэйкі, што «адпавядаюць мэтам расейскага ўраду». Курыравала ферму ФСБ Расеі. Канфіскавалі два даменныя імёны і даследавалі 968 акаўнтаў у Twitter, паведамляе Мінюст ЗША.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
Ферма ботаў выкарыстоўвала элементы штучнага інтэлекту для стварэння фіктыўных профіляў у сацыяльных сетках. Часта профілі нібыта належалі асобам, якія жывуць у ЗША. Фэйкі распаўсюджваліся ў ЗША, Польшчы, Нямеччыне, Нідэрландах, Іспаніі, Украіне і Ізраілі.
«Сённяшнія дзеянні ўяўляюць сабою першы выпадак разбурэння фермы ботаў, якая спансаравалася Расеяй, – сказаў дырэктар FBI Крыстафэр Рэй. – Расея мела намер выкарыстоўваць гэтую ферму ботаў для распаўсюду замежнай дэзынфармацыі, якая генеруецца штучным інтэлектам, маштабуючы сваю працу з дапамогай штучнага інтэлекту для падрыву рэпутацыі нашых партнёраў ва Украіне і ўплыву на геапалітычныя наратывы, спрыяльныя для расейскага ўраду».
Мінюст ЗША адзначае, што ферма ботаў была звязаная з расейскім прапагандысцкім рэсурсам «Russia Today» і ФСБ.
«Распрацоўванне фермы ботаў для сацыяльных сетак было арганізаванае чалавекам, ідэнтыфікаваным у Расеі (асоба А). У пачатку 2022 года фізічная асоба А працавала намеснікам галоўнага рэдактара «Russia Today», дзяржаўнай расейскай навінавай арганізацыі, што базуецца ў Маскве. Прынамсі з 2022 года кіраўніцтва «Russia Today» імкнулася да стварэння альтэрнатыўных спосабаў для распаўсюду інфармацыі, акрамя стандартных тэлевізійных навінавых выпускаў «Russia Today». У адказ на гэта фізічная асоба А ўзначаліла распрацоўванне праграмнага забеспячэння, здольнага стварыць ферму ботаў у сацыяльных сетках і кіраваць ёю», – паведамляе Мінюст ЗША.
У паведамленні гаворыцца, што ў пачатку 2023 года пры фінансавым падтрыманні Адміністрацыі прэзідэнта Расеі супрацоўнік ФСБ стварыў і ўзначаліў «прыватную выведную арганізацыю», у склад якой уваходзілі, у прыватнасці, супрацоўнікі «Russia Today», у тым ліку «фізічная асоба А». Да фермы таксама мела доступ ФСБ.
Падобна, што галоўную рэдактарку «Russia Today» Маргарыту Сіманьян разгром фермы ботаў не засмучае. У пачатку 2024 года яна распавяла пра стварэнне «вялікай колькасці інфармацыйных крыніцаў, не звязаных з намі».
«І пакуль Цэнтральнае выведнае кіраўніцтва ЗША дакопваецца, што яны звязаныя з намі, у іх [крыніцаў] ужо велізарная аўдыторыя. Часам дакопваюцца, схлопваюць. Бывае, прачынаешся раніцай – у цябе 600 каналаў адразу закрытыя. Але пакуль яны іх закрываюць, мы ўжо новыя зрабілі. Вось такая ў нас летаніна працягваецца адзін за адным увесь гэты час – гэта нават весела. Вайна – гэта нявесела, а вось інфармацыйная вайна – можна і павесяліцца», – сказала Сіманьян.
Арсен Рудэнка belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10