Барацьбой з «экстрэмізмам» карыстаюцца ашуканцы. У Горадні жанчына аддала 19,4 тысячы рублёў
12.07.2024, 19:16
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Ёй сказалі, што з яе карты пераводзілі грошы «экстрэмістам».
Махляр пад выглядам банкаўскага работніка напалохаў жанчыну, што з яе карты перавялі грошы «экстрэмістам» і выманіў у жанчыны больш за 19,4 тысячы рублёў, паведамляе УУС Гарадзенскага аблвыканкаму.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)
51-гадовай жыхарцы Горадні патэлефанаваў тэлефонны махляр і прадставіўся супрацоўнікам службы бяспекі банку. Ён сказаў, што нібыта з яе карты быў зроблены перавод на карту«экстрэмістаў» і цяпер яна можа пазбавіцца сваіх зберажэнняў. Далей жанчыне прапанавалі адправіць грошы на «рэзервовы рахунак».
Калі гарадзенка перавяла грошы, «прадстаўнік банку» больш не выходзіў на сувязь. Пазней яна зразумела, што трапілася на выкрут махляроў і звярнулася ў міліцыю.
Узбуджана крымінальная справа па артыкуле«махлярства, здзейсненае ў буйным памеры».
Гэта не першы падобны выпадак. Раней махляр прадставіўся супрацоўнікам КДБ і напалохаў пенсіянера з Менску крымінальнай справай за нібыта пераводы грошай па фінансаванні «ваенных дзеянняў за мяжой». У выніку мужчына перавёў махлярам больш за 60 тысяч рублёў.