З 2025 года ў Беларусі перастануць прызнаваць дыпломы, выдадзеныя ў ЕЗ і ЗША
12.07.2024, 12:29
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: univerpl.com.ua)
podpis źródła zdjęcia
Журналісты атрымалі доступ да адпаведнага дакументу «для службовага карыстання».
У Беларусі з 2025 года могуць перастаць прызнаваць замежныя дыпломы з краінаў Еўразвязу і ЗША. Адпаведны дакумент «для службовага карыстання» ад Міністэрства адукацыі за подпісам міністра Андрэя Іванца з’явіўся ў тэлеграм-канале «Реальная Беларусь».
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: univerpl.com.ua)
У дакуменце гаворыцца пра тое, што Міністэрства адукацыі ў рамках рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю айчыннай адукацыі, мае намер перастаць прызнаваць дыпломы замежных навучальных установаў з несяброўскіх краінаў незалежна ад года заканчэння ўстановы. У пераліку гэтых краінаў адзначаныя Польшча, Літва, Латвія, Нямеччына, Англія, Італія, ЗША і інш.
Такія захады не будуць датычыць дыпломаў навучальных установаў з КНР, краінаў СНД і АДКБ, гаворыцца ў дакуменце, паказаным у канале.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Крыніца: univerpl.com.ua)
Мэта такога кроку сфармуляваная так: «для перашкоды іх [дыпломаў] уладальнікам пры працаўладкаванні ў беларускія арганізацыі і ўстановы ўсіх формаў уласнасці».
Працаўнікі тэлеграм-каналу адзначылі, што не раскрыюць крыніцы сваёй інфармацыі, таму адназначна сцвярджаць, сапраўдны гэты дакумент ці не, немагчыма. Аднак з улікам апошніх тэндэнцыяў, якія назіраюцца ў галіне адукацыі, нельга выключаць, што ўлады Беларусі маглі пайсці і на такі крок, каб «заахвоціць» беларускіх выпускнікоў атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Беларусі. У той жа час такі крок у адначассе можа пакінуць «без адукацыі» тых, хто атрымліваў дыплом за мяжой, а гэта вялікая колькасць беларусаў.
Нагадаем, што з кастрычніка 2023 года Беларусь не прызнае ўкраінскіх дыпломаў і навуковых ступеняў. Увосень 2022 года нашая краіна разарвала пагадненне з Польшчай аб прызнанні раўназначнасці вышэйшай адукацыі і навуковых ступеняў у навуцы і мастацтве.