Святлана Ціханоўская з 13 да 15 ліпеня будзе з візітам у Польшчы. Пра планы беларускай лідаркі на гэтыя тры дні распавёў «Позірку» ейны галоўны дарадца Франак Вячорка.
Абраная прэзідэнтка Беларусі возьме ўдзел у фестывалі беларускай культуры «Тутака» на Падляшшы, а таксама правядзе перамовы з польскімі службовымі асобамі і мясцовымі ўладамі. У Міністэрстве ўнутраных справаў Польшчы яна абмяркуе праблему легалізацыі беларусаў.
Падчас візіту Ціханоўская, паводле Франка Вячоркі, закране і пытанне лёсу тэлеканалу «Белсат» з улікам апошняга звароту яго работнікаў з заклікам захаваць самастойнасць праекту.
Акрамя таго, беларуская лідарка сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускага бізнесу ў выгнанні і былымі палітвязнямі.
Некалькі дзён таму на саміце NATO ў Вашынгтоне Ціханоўская сустрэлася з польскім міністрам замежных справаў Радославам Сікорскім. Бакі абмеркавалі сітуацыю на мяжы, намаганні для вызвалення журналіста Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, дапамогу беларускім медыям і грамадзянскай супольнасці. На дадатак, Святлана Ціханоўская распавяла пра крытычную важнасць «Белсату», адзначыла яго ўнікальнасць як медыя і заклікала міністра працягнуць падтрыманне каналу ды захаваць яго незалежнасць. Беларуская лідарка папрасіла міністра працягнуць выдачу беларусам візаў, у першую чаргу гуманітарных.