У гонар загінулага «каліноўца» Івана Марчука «Брэста» назвалі вуліцу ва ўкраінскім Канатопе
13.07.2024, 14:58
Іван Марчук, пазыўны Брэст. (Фота: Паўлюк Шапецька / commons.wikimedia.org)
podpis źródła zdjęcia
Па распараджэнні мэра гораду.
У горадзе Канатоп у Сумскай вобласці з’явілася вуліца імя загінулага байца батальёну «Волат» Івана Марчука з пазыўным «Брэст». Пра гэта паведаміў Полк Каліноўскага ў сваім тэлеграм-канале.
Іван Марчук, пазыўны Брэст. (Фота: Паўлюк Шапецька / commons.wikimedia.org)
Вуліца была названая ў гонар беларускага ваяра па распараджэнні мэра Канатопу Арцёма Семяніхіна ад 24 красавіка 2024 года. Раней яна насіла імя Івана Каламійчанкі, удзельніка Другой сусветнай вайны.
,,
«Іван Марчук «Брэст» – камандзір беларускага батальёну «Волат» палка ім.Кастуся Каліноўскага. З’яўляўся тварам беларускага палка ў складзе ЗСУ, быў мужным байцом, сапраўдным героем і моцным лідарам. 26 чэрвеня 2022 года батальён удзельнічаў у стрымліванні танкавага прарыву расейскіх захопнікаў у раёне Лісічанску, падчас якога камандзір Іван Марчук «Брэст» загінуў. Яму было 28 гадоў», – гаворыцца ў распараджэнне гарадскога галавы аб пераназванні вуліцы.
Сёлета ў Чарнігаве вуліцу імя ўдзельніка Другой сусветнай вайны Смірнова перайменавалі ў вуліцу Кастуся Каліноўскага.
Напрыканцы красавіка 2024 года дэпутаты Адэскай гарадской рады вырашылі перайменаваць вуліцу Беларускую ў вуліцу Каліноўскага.
Раней ва ўкраінскіх гарадах таксама з’явіліся вуліцы Міхаіла Жызнеўскага, Аляксея Скоблі, Ліцвіна, якія загінулі ва Украіне. Вуліца Ліцвіна з’явілася ў горадзе Буча Кіеўскай вобласці на пачатку 2023 года.
У Новаградзе-Валынскім і Чарнаўцах замест вуліцы Менскай цяпер ёсць вуліца Героя Украіны беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які ва ўзросце 25 гадоў загінуў на Майдане ў Кіеве.
У траўні 2022 года вуліцу Пушкіна ў горадзе Хмяльніцкі пераназвалі ў гонар Героя Украіны беларуса Аляксея Скоблі. Таксама завулак Пушкіна стаў завулкам Аляксея Скоблі.
У горадзе Мукачава ў Закарпацкай вобласці вуліцу Беларускую пераназвалі ў гонар Каліноўскага.
З просьбай переназваць вуліцу Беларускую ў гонар Каліноўскага ў львоўскую гарадскую раду звяртаўся фонд «Вольная Беларусь».