Пробашч рымска-каталіцкай парафіі ў Шуміліне айцец Анджэй Юхневіч застаецца за кратамі ўжо больш за два месяцы. Дагэтуль невядома, у чым яго вінавацяць.
Katolik.lifе піша, што вернікам парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне дагэтуль невядома, паводле якога артыкулу абвінавачваюць іхнага пробашча Анджэя Юхневіча. Гэта тлумачаць таямніцай следства. У святара ёсць адвакат, але ён таксама нічога не паведамляе, паколькі вымушаны быў даць падпіску аб неразгалошванні.
Адзінае, што перадалі вернікам, – святар цяпер у знясіленым стане, яму не запэўнілі шмат якіх базавых чалавечых патрэбаў. Да прыкладу, толькі нядаўна яму далі магчымасць прыняць душ – пасля амаль двух месяцаў зняволення.
Вернікі пішуць пробашчу лісты ў СІЗА, робяць перадачы, каб ён не адчуваў сябе ў адзіноце, імкнуцца хадайнічаць перад органамі следства і пракуратуры, каб яго выпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. У парафіі пісалі калектыўны зварот у апарат упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў, але там адказалі, што не могуць нічым дапамагчы ў гэтай справе.
Пра дзеянні з боку касцельных структур нічога не вядома – публічных малітваў, заяваў, напамінаў пра сітуацыю святара і якой-небудзь мінімальнай інфармацыі пакуль не было, зазначае Katolik.lifе.
Анджэй Юхневіч быў затрыманы 8 траўня. Спачатку святару паставілі ў віну тое, што ў лютым 2022 года ён размясціў на фота свайго профілю Facebook выяву бела-чырвона-белага сцягу і сцягу Украіны. Юхневічу чатыры разы запар прысуджалі па 15 содняў адміністратыўнага арышту, а потым распачалі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.