Байдэн просіць амерыканцаў «астыць» пасля стрэлу ў Трампа
15.07.2024, 07:08
Джо Байдэн падчас звароту да амерыканцаў. (Крыніца: Joe Biden / X)
podpis źródła zdjęcia
«У Амерыцы мы развязваем нашыя рознагалоссі каля выбарчай скрыні».
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн звярнуўся да амерыканцаў з просьбай знізіць палітычную тэмпературу і памятаць, што яны ўсе суседзі. Такую заяву ён зрабіў пасля таго, як адбыўся стрэл у ягонага імавернага спаборніка на выбарах Доналда Трампа, піша «Reuters».
Джо Байдэн падчас звароту да амерыканцаў. (Крыніца: Joe Biden / X)
Стрэлы ў Доналда Трампа на мітынгу ў Пенсільваніі «заклікаюць усіх нас зрабіць крок назад», сказаў Джо Байдэн. На шчасце, Трамп не атрымаў сур’ёзных раненняў, дадаў прэзідэнт.
,,
«Мы не можам дапусціць, каб гэты гвалт зрабіўся нормаю. Палітычная рыторыка ў гэтай краіне вельмі напалілася. Прыйшоў час астудзіць яе. Мы ўсе абавязаныя гэта зрабіць, – сказаў Байдэн. – У Амерыцы мы развязваем нашыя рознагалоссі каля выбарчай скрыні. Вось як мы гэта робім. Каля выбарчай скрыні. Не куляй».
У сваім сяміхвілінным звароце Байдэн таксама ўспомніў пра шматлікія выпадкі палітычнага гвалту ў ЗША за апошнія гады, улучна з нападам прыхільнікаў Трампа на Капітолій 6 студзеня 2021 года і раненнем малатком Пола Пэлоўсі, мужа былой спікеркі Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлоўсі, у 2022 годзе.
«Гвалт ніколі не быў адказам», – сказаў Байдэн.
Доналд Трамп пасля замаху на сябе заклікаў амерыканцаў да адзінства:
«Мы не будзем баяцца, а замест гэтага застанемся ўстойлівымі ў сваёй веры і непакорлівымі перад тварам Зла. Мы выказваем нашую любоў іншым ахвярам і іхным семʼям. […] У гэты момант як ніколі важна, каб мы былі адзіныя і праявілі свой сапраўдны амерыканскі характар, застаючыся моцнымі і рашучымі і не дазваляючы Злу перамагчы».
Замах на Трампа адбыўся 13 ліпеня падчас перадвыбарчага мітынгу. Падчас выступу прэтэндэнт на месца прэзідэнта ЗША схапіўся за вуха і лёг на падлогу за трыбунай: куля пакінула драпіну, сурʼёзных траўмаў Трамп не атрымаў. Яго эвакуявалі супрацоўнікі Сакрэтнай службы.